Пры Мінэканомікі стварылі групу па праблемах прадпрымальніцтва



Пры Міністэрстве эканомікі створана міжведамасная група па праблемных пытаннях прадпрымальніцтва. Пра гэта паведаміў журналістам старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў Аляксандр Калінін.

Паводле кіраўніка саюза, БСП будзе настойваць на пераглядзе нормаў двух указаў: №222 і №48. Нагадаем, указ №222 зрабіў рынкі пустымі з 1 студзеня — прадпрымальнікі кажуць пра немагчымасць выканання патрабавання па суправаджальных дакументах, якія не выдаюцца расейскімі аптавікамі.

Указ №48 больш тычыцца кантралюючых мерапрыемстваў у дачыненні да малога бізнесу: шырокія паўнамоцтвы на канфіскацыю тавару ставяць пад удар існаванне дробных крамаў, кажа Калінін:

— Прыпыніць кантрольна-надзорную дзейнасці па ліні ўказаў №222  і 48 у дачыненні да малога бізнесу. Стварыць рабочую групу, на якой выпрацаваць зразумелыя змены ў 48-мы ўказ. Стварыць зразумелую міжведамасную інструкцыю , паводле якой можна ўвозіць тавар, не парушаючы нормаў 222-га ўказа, па суб’ектах гаспадарання, якія не з’яўляюцца плацельшчыкамі ПДВ.    

Да ўдзелу ў міжведамаснай групе запрошаныя кіраўнікі некалькіх бізнес-саюзаў і асацыяцыяў. Арганізацыю «Перспектыва», якая аб’ядноўвае дробных рыначных гандляроў і нядаўна праводзіла антыкрызісны форум, Міністэрства эканомікі да абмеркаванняў вострых пытанняў не запрасіла.

Беларускае Радыё Рацыя