Пры НАН плануецца стварыць інстытут па пытаннях ЖКГ
У Беларусі падрыхтаваны праект канцэпцыі ўдасканалення і развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі да 2025 года, таксама прынятае рашэнне аб мэтазгоднасці стварэння пры Нацыянальнай акадэміі навук інстытута па пытаннях ЖКГ. Пра гэта паведаміў віцэ-прэм’ер Анатоль Калінін, выступаючы на адкрыцці рэспубліканскага семінара „Аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны” 19 кастрычніка ў Менску.
Калінін таксама зазначыў, што падрыхтаваны шэраг праектаў нарматыўна-прававых актаў, накіраваных на ўдасканаленне эканамічных, арганізацыйных і прававых асноў функцыянавання галіны ЖКГ, паведамляе прэс-служба ўрада. У ліку такіх дакументаў віцэ-прэм’ер назваў праекты закона аб унясенні зменаў у Жыллёвы кодэкс, а таксама пяці указаў, якія прадугледжваюць зацвярджэнне дзяржпраграмы „Чыстая вада”, паскораную замену ліфтаў, цеплавую рэабілітацыю жылых дамоў, перадачу няпрофільных актываў спецыялізаваным арганізацыям і пашырэнне катэгорый грамадзян, якім падаюцца безнаяўныя жыллёвыя субсідыі па заяўным прынцыпе. Акрамя таго, падрыхтаваныя праекты трох пастаноў Савета міністраў.
Паводле слоў Калініна, праекты гэтых дакументаў плануецца дапрацаваць з улікам абмеркаванняў на цяперашнім семінары, пасля чаго іх накіруюць на разгляд прэзідэнта, а пасля прыняцця канцэпцыі развіцця ЖКГ да 2025 года будзе адкарэктаваная дзяржпраграма „Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе” на 2016—2020 гады і падрыхтаваная аналагічная дзяржпраграма на наступныя пяць гадоў.
Віцэ-прэм’ер заклікаў удзельнікаў семінара ўносіць канструктыўныя прапановы па павышэнні эфектыўнасці работы ЖКГ. „Неабходная рэалізацыя адзінай дзяржаўнай палітыкі ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы як у цэнтры, так і на месцах. Пераўтварэнні ў галіне павінны адбывацца ўзважана. Галоўная задача — забяспечыць належную якасць, празрыстасць і абгрунтаванасць фарміравання кошту паслуг”, — падкрэсліў ён.
Семінар „Аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны” будзе працаваць два дні. У яго працы бяруць удзел прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў, старшыні Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч і Уладзімір Андрэйчанка, кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў, мясцовых органаў улады, прадстаўнікі арганізацый сферы ЖКГ.
Чакаецца, што ў пленарным пасяджэнні семінара 20 кастрычніка возьме ўдзел Аляксандр Лукашэнка, паведаміла прэс-служба прэзідэнта.