Пры перакрыцці Беларуссю нафтавода „Дружба”, Расея накіруе нафту ў марскія парты



Расея не разглядае варыянт закрыцця Беларуссю нафтаправода „Дружба” для прапампоўкі расейскай нафты, але пры неабходнасці ёсць магчымасць пераарыентаваць грузапаток цераз марскія парты, заявіў кіраўнік Мінэнерга РФ Аляксандр Новак.

„Я лічу, што варыянт перакрыцця трубы — гэта форс-мажор, які, на маю думку, абсалютна немэтазгодны, мы нават не разглядаем гэты варыянт. Вядома, у нас ёсць рэзервы па іншых напрамках паставак нафты, у тым ліку і з павелічэннем аб`ёмаў пагрузкі цераз марскія парты. Але я лічу, што гэта зусім немэтазгодна і трэба працаваць у адпаведнасці з дзейнымі дамоўленасцямі, кантрактамі”, — цытуе Новака ТАСС.

Міністр падкрэсліў, што дзейнасць расійскіх і беларускіх кампаній, якія валодаюць нафтаправоднай інфраструктурай, адрэгуляваная дамовай. „Пры наяўнасці неабходнасці рамонтаў гэта ўсё загадзя плануецца, загадзя абмяркоўваецца, каб не парушыць транспартныя патокі”, — сказаў чыноўнік.

Тэму рамонту нафтаправода „Дружба” падняў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з эканамічным блокам ўрада 11 красавіка.

„То адно прадпрыемства закрылі, то другое. Потым ці то морква, ці то салата, ці то ўжо агуркі не спадабаліся. Ці ў іх падазрэнне ёсць, што мы нешта пастаўляем не адтуль. І кожны дзень адбываецца закрыццё нашых прадпрыемстваў. Нам закрываюць рынак”, — адзначыў Лукашэнка, кажучы аб дзеяннях расійскага боку.

Ён нагадаў, як зрабіў беларускі бок год-паўтара таму, калі спецыялісты праінфармавалі, што ў аварыйным стане знаходзяцца нафтаправод і нафтапрадуктаправод, якія ідуць цераз Беларусь. „Менавіта па нафце. І нам трэба было б на некалькі дзён закрыць для рамонту гэтыя нафтаправоды. Але мы ж не зрабілі так. Мы разумелі, што гэта нанясе шкоду Расійскай Федэрацыі. І тады я даручыў працаваць у аварыйным парадку, але не перакрываць гэтыя дарогі, па якіх транспартуецца галоўны экспартны прадукт Расійскай Федэрацыі — нафта”, — сказаў беларускі кіраўнік.

Паводле яго слоў, гэтае пытанне стаіць і цяпер на парадку дня. Лукашэнка, звяртаючыся да віцэ-прэм`ера Ігара Ляшэнкі, заявіў: „Калі трэба паставіць на рамонт нафтаправоды і нафтапрадуктаправоды, якія ідуць цераз Беларусь, стаўце і рамантуйце. Таму што тое дабро, якое мы робім для Расійскай Федэрацыі, яно нам паварочваецца пастаянна злом. Там ужо знахабіліся да такой ступені, што пачынаюць нам выкручваць рукі”.

belapan.by

Фота belmarket.by