Прыбытак банкаў Беларусі істотна знізіўся



Па выніках першага паўгоддзя 2016 года прыбытак вядучых беларускіх банкаў апынуўся істотна ніжэшым у параўнанні з аналагічным перыядам 2015 года, сведчаць даныя Нацыянальнага банка.

эканоміка

Так, прыбытак „Беларусбанка”, найбуйнейшага па памеры актываў банка Беларусі, у першай палове 2016 года склаў 501,2 млрд. недэнамінаваных рублёў і знізіўся ў параўнанні з аналагічным перыядам 2015 года амаль на 20%.

Прыбытак іншага дзяржаўнага банка „Белаграпрамбанка” склаўся на ўзроўні 77,8 млрд. рублёў. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года гэта менш амаль у 4 разы.

Прыбытак дзяржаўнага „Белінвестбанка” склаў 23,5 млрд. рублёў і ўпаў у 3,5 разу.

Таксама паменшыўся прыбытак у беларускага банка з расейскім капіталам „БПС-Ашчадбанка”, які за першую палову года зарабіў 85,7 млрд. рублёў, што на чвэрць менш за паказчык за аналагічны перыяд мінулага года.

Варта зазначыць, што прыбытак у параўнанні з першай паловай мінулага года скараціўся і ў іншых грашова-крэдытных устаноў, якія ўваходзяць у сямёрку найбуйнейшых банкаў краіны.

Так, прыбытак „Банка БелВЭБ” у першым паўгоддзі склаў 264,2 млрд. рублёў і знізіўся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 5,2%. Банк з аўстрыйскім капіталам „Прыёрбанк” зарабіў у студзені—чэрвені 512,8 млрд. рублёў (на 24% менш). „Белгазпрамбанк” у студзені—чэрвені зарабіў 435,5 млрд. рублёў, што амаль на 18% менш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

На думку экспертаў, зніжэнне прыбытковасці банкаўскага бізнесу сёлета выкліканае сталым ростам праблемных актываў. Гэта прывяло да неабходнасці фарміравання спецыяльных рэзерваў за кошт прыбытку.

Паводле даных Нацбанка, па стане на 1 чэрвеня праблемныя актывы банкаў склалі 51,5 трлн. рублёў і практычна падвоіліся з пачатку года. Доля праблемных актываў у банкаўскай сістэме Беларусі дасягнула на 1 чэрвеня 12,44% (супраць 6,83% на 1 студзеня).

Міжнароднае агенцтва Fitch Ratings, якое рэйтынгуе беларускія банкі, чакае, што іх праблемныя актывы на працягу 2016 года будуць працягваць расці.

„Эканамічная сітуацыя пакуль не паляпшаецца. І нават калі ў другім паўгоддзі эканоміка пачне аднаўляцца, якасць крэдытнага партфеля, верагодна, будзе працягваць некаторы час яшчэ пагаршацца, што будзе следствам ўплыву на банкі папярэдніх стрэсаў”, — выказала здагадку ў траўні старшы дырэктар маскоўскага офіса Fitch Ratings Вольга Ігнацьева.

belapan.by