Прыбытак Беларускай чыгункі ўпаў у тры разы



Дзяржаўнае аб’яднанне «Беларуская чыгунка» ў 2016 годзе ўказала даход 357,28 млн рублёў. Ён скараціўся на 1,2% у параўнанні з 2015 годам. Такая інфармацыя змяшчаецца ў гадавой справаздачы, апублікаванай на Адзіным партале фінансавага рынку, паведамляе belmarket.by.

Сабекошт рэалізацыі за той жа перыяд вырас на 10,3% да 213,32 млн рублёў. Чыгунка ў выніку зафіксавала прыбытак ад рэалізацыі сумаю 143,96 млн рублёў, што на 14,41% менш, чым у 2015-м годзе.

Чысты прыбытак аб’яднання скараціўся на 68,05% да 6,27 млн рублёў. З улікам пераацэнкі доўгатэрміновых актываў, якія не ўключаюцца ў чысты прыбытак, сукупны прыбытак чыгункі склаў 9,1 млн рублёў.

Доўгатэрміновыя крэдыты і пазыкі „Беларускай чыгункі” паводле стану на 31 снежня 2016 года склалі 806,8 млн рублёў, абавязанні ў лізінгавых плацяжах – 244,28 млн рублёў.