Прыбытак беларускіх банкаў знізіўся амаль на чвэрць



За першае паўгоддзе прыбытак беларускіх банкаў знізіўся амаль на чвэрць у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам.

dbdd824810e11a88e0411433ee2

Як сведчаць статыстычныя звесткі Нацбанка, за першую палову 2015 года беларускія банкі атрымалі прыбытак у 2,43 трлн. рублёў супраць 3,18 трлн. рублёў за аналагічны леташні перыяд.

Сітуацыя ў разрэзе банкаў характарызуецца рознанакіраванай дынамікай. Так, прыбытак „Беларусбанка” за студзень-чэрвень склаў 620 млрд. рублёў і павялічыўся ў параўнанні з першым паўгоддзем мінулага года на 13,9%.

Разам з тым прыбытак „Белаграпрамбанка” склаў 307,5 млрд. рублёў і знізіўся ў параўнанні з аналагічным паказчыкам 2014 года амаль на 54%.

Прыбытак „Белінвестбанка” дасягнуў у першым паўгоддзі 82,2 млрд. рублёў, скараціўшыся ў параўнанні з першым паўгоддзем мінулага года на 42,4%.

„БПС-Ашчадбанк” за студзень-чэрвень атрымаў прыбытак у 114,9 млрд. рублёў, што на 61,7% менш у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам.

„Прыёрбанк” атрымаў прыбытак у памеры 674,4 млрд. рублёў — на 69,6% больш, чым за першае паўгоддзе 2014-га.

Прыбытак „Банка БелЗЭБ” за студзень-чэрвень склаўся на ўзроўні 278,6 млрд. рублёў і вырас у параўнанні з аналагічным леташнім паказчыкам на 2,5%.

„Белгазпрамбанк” атрымаў прыбытак у 530 млрд. рублёў – на 47,4% больш, чым у першым паўгоддзі 2014 года.

Паводле звестак Нацбанка, на 1 ліпеня гэтага года банкаўскі сектар Беларусі ўключаў 29 дзейных банкаў. З іх у аднаго банка адкліканая ліцэнзія на ажыццяўленне банкаўскай дзейнасці. У 24 банках прысутнічаў замежны капітал, прычым у 19 доля ўдзелу замежных інвестараў у статутным фондзе перавышала 50%.

belapan.by