Прыбытак „Белгазпрамбанка” за 2020 год скараціўся больш чым удвая
Прыбытак аднаго з найбуйнейшых банкаў Беларусі — „Белгазпрамбанка” — па выніках 2020 года знізіўся больш чым у два разы, сведчыць гадавая справаздачнасць банка.
У 2020 годзе прыбытак „Белгазпрамбанка” склаў 44,6 млн рублёў супраць 96,6 млн рублёў у 2019 годзе.
Дадзеныя, якія прыводзіць банк, сведчаць, што многія мэтавыя паказчыкі „Белгазпрамбанкам” у 2020 годзе не выкананыя. Так, сярэднямесячны аб’ём чыстага прыбытку на аднаго работніка планаваўся ў 5,1 тыс. рублёў, па факце гэты паказчык склаў 2,4 тыс. рублёў.
Рэнтабельнасць уласнага капіталу банка чакалася на роўні 12,8%, фактычны паказчык — 6,1%. Рэнтабельнасць актываў банка прагназавалася на роўні 2%, аднак фактычна склалася ў памеры 1%.
Акрамя гэтага, меркавалася, што за 2020 год актывы банка вырастуць на 5% да 5,23 млрд рублёў, аднак па факце актывы „Белгазпрамбанка” скараціліся на 17,5% да 4,1 млрд рублёў.
Дадзеныя банка сведчаць, што на фоне прыросту крэдытаў і каштоўных папер у актывах беларускіх банкаў у „Белгазпрамбанку” назіралася адмоўная дынаміка. Так, калі ў цэлым у сістэме крэдыты павялічыліся на 11,1 млрд рублёў, то ў „Белгазпрамбанку” скараціліся амаль на паўмільярда рублёў. Аб’ём каштоўных папер у партфелях банкаў павялічыўся за мінулы год на 518 млн рублёў, а ў „Белгазпрамбанку” скараціўся на 174 млн рублёў.
Па выніках 2020 года рэйтынг „Белгазпрамбанка” ў банкаўскай сістэме пагоршыўся. Так, калі на пачатак года банк займаў трэцяе месца па актывах, то па выніках года — сёмае, па памеры прыбытку банк апусціўся ў банкаўскай сістэме з чацвёртага на шостае месца, па ўзроўні капіталу — з трэцяга на чацвёртае.
З 15 чэрвеня па 10 снежня 2020 года „Белгазпрамбанкам” кіравала часовая адміністрацыя. Яна была ўведзеная ў адпаведнасці з пастановай праўлення Нацыянальнага банка на шэсць месяцаў „з мэтай забеспячэння ўстойлівага функцыянавання ААТ „Белгазпрамбанк”, бесперапыннасці яго дзейнасці па аказанні банкаўскіх паслуг і выканання ім абавязацельстваў перад укладчыкамі і крэдыторамі”.
Часовая дырэкцыя была ўведзеная пасля таго, як 11 чэрвеня ў галаўным офісе „Белгазпрамбанка” прайшоў вобшук у межах крымінальнай справы аб ухіленні ад выплаты падаткаў і легалізацыі сродкаў, атрыманых незаконным шляхам. Большасць членаў праўлення „Белгазпрамбанка” былі затрыманыя.
Расійскія акцыянеры банка — „Газпром” і „Газпромбанк” — яшчэ да пачатку працы часовай адміністрацыі назвалі дзеянні Нацбанка па прызначэнні новых кіраўнікоў „Белгазпрамбанка” незаконнымі і летам мінулага года адмаўляліся ад супрацоўніцтва з часовай адміністрацыяй.
Былы старшыня праўлення „Белгазпрамбанка” Віктар Бабарыка, які пакінуў банк у маі мінулага года ў сувязі з удзелам у прэзідэнцкіх выбарах, 18 чэрвеня быў затрыманы па абвінавачванні ў арганізацыі супрацьпраўнай дзейнасці ў гады, калі кіраваў банкам. Пры гэтым прадстаўнікі ўлады сцвярджаюць, што ў крымінальным пераследзе Бабарыкі няма палітычнай падаплёкі. Сам абвінавачаны лічыць інакш.
Восенню мінулага года Нацбанк на працягу некалькіх месяцаў вёў перамовы з расейскімі акцыянерамі „Белгазпрамбанка” аб тым, каб уласнікі вярнуліся да кіравання даччыным банкам і сфармавалі новы склад праўлення. У выніку ў снежні 2020 года „Газпром” і „Газпромбанк” вярнуліся да кіравання „Белгазпрамбанкам”.