Прыбытак прадпрыемстваў Менска за год скараціўся больш як на 17%



 Паводле звестак галоўнага статыстычнага ўпраўлення Менска, колькасць стратных арганізацый сталіцы ў студзені—кастрычніку 2018 года ў параўнанні з такім жа леташнім перыядам знізілася на 0,4% — з 265 да 264, а іх удзельная вага — з 18,1 да 18%.

Разам з тым чысты прыбытак сталічных арганізацый склаў 2 млрд 688,3 млн рублёў, або на 17,2% менш, чым у студзені—кастрычніку 2017 года. Прыбытак да падаткаабкладання склаў 3 млрд 582,6 млн (на 11,4% менш). Прыбытак ад рэалізацыі вырас на 17,8% да 5 млрд 342,8 млн рублёў.

Рэнтабельнасць продажу за студзень—кастрычнік 2018 года склала 9,5% супраць 9,3% за аналагічны леташні перыяд, рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі — 12,3% супраць 12%.

Выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг арганізацый Менска ў наяўных цэнах склала 56 млрд 136,3 млн рублёў, або на 15,1% больш, чым у студзені—кастрычніку 2017 года.

Сабекошт рэалізаванай прадукцыі, тавараў, работ, паслуг за год павялічыўся на 15,1% да 43 млрд 552,1 млн рублёў.

Раней эканамісты выказалі меркаванне, што хранічна стратныя прадпрыемствы не маюць права на існаванне. Пры гэтым, паводле ацэнак экспертаў, праблемных прадпрыемстваў значна больш, чым афіцыйна стратных, многія з іх працуюць з рэнтабельнасцю ніжэй за 5%.

belapan.by