Прычын пагаршэння — скарачэнне экспарту нафтапрадуктаў
Адной з асноўных прычын пагаршэння стану знешняга гандлю Беларусі з’яўляецца скарачэнне паставак беларускіх нафтапрадуктаў. Такая выснова ўтрымліваецца ў чарговым інфармацыйна-аналітычным аглядзе Еўразійскага банка развіцця.
Як адзначае ЕАБР, паводле дадзеных Белстата, адмоўнае сальда гандлёвага балансу Беларусі па выніках дзесяці месяцаў бягучага года склала 4,5 млрд даляраў ЗША, што больш як на 1 млрд даляраў перавышае паказчык аналагічнага перыяду папярэдняга года. Дынаміка паказчыка перш за ўсё тлумачыцца істотным пагаршэннем стану гандлю з краінамі па-за СНД: прафіцыт у студзені—кастрычніку 2018 года ў памеры 1,1 млрд даляраў змяніўся дэфіцытам у 1,1 млрд даляраў у студзені—кастрычніку 2019 года.
„Прычыны: скарачэнне паставак беларускіх нафтапрадуктаў, умацаванне рэальнага курсу рубля да еўра і долара ЗША, а таксама запаволенне эканамічнага росту ў краінах — асноўных гандлёвых партнёрах”, — канстатуюць у ЕАБР.
На думку эканамістаў Еўразійскага банка, у астатнія месяцы бягучага года ўздзеянне стрымлівання на развіццё знешняга гандлю, верагодна, будзе мець змяншэнне экспарту калійных угнаенняў з-за часовага зніжэння іх вытворчасці.
Як паведамляў БелаПАН, у студзені—верасні Беларусь экспартавала 8,06 млн тон нафтапрадуктаў, што на 13,5% менш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, сведчаць афіцыйныя статдадзеныя.
У грашовым выражэнні экспарт нафтапрадуктаў у названы перыяд скараціўся на 17,8% і склаў 4,09 млрд даляраў.
Адначасова з гэтым Беларусь у студзені—верасні рэзка скараціла імпарт нафтапрадуктаў. За дзевяць месяцаў гэтага года ў Беларусь паступіла 181,1 тыс. тон нафтапрадуктаў, што прыкладна ў 15 разоў менш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.
Нагадаем, летась Расея ўзняла пытанне пра абмежаванне паставак нафтапрадуктаў у Беларусь. Гэтую ініцыятыву расейскія ўлады матывавалі стратамі расейскага бюджэту ў сувязі з магчымым рээкспартам нафтапрадуктаў з тэрыторыі Беларусі.
Восенню мінулага года па выніках перамоў урадаў дзвюх краін віцэ-прэм’еры Беларусі і Расеі Ігар Ляшэнка і Дзмітрый Казак падпісалі пратакол аб унясенні зменаў у міжурадавае пагадненне аб мерах па ўрэгуляванні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў галіне экспарту нафты і нафтапрадуктаў.
Пратакол прадугледжвае, што з лістапада 2018 года Беларусь з Расеі можа імпартаваць толькі нафтапрадукты, якія не вырабляюцца ў рэспубліцы.
belapan.by