Прыхаванае беспрацоўе ў Беларусі перавышае 5%
У Беларусі колькасць асоб, якія не маюць працы, актыўна яе шукаюць і гатовыя пачаць працаваць, складае 5,2% эканамічна актыўнага насельніцтва, сведчаць звесткі, апублікаваныя ў штогадовым бюлетэні „Працоўныя рэсурсы і занятасць насельніцтва ў Рэспубліцы Беларусь”.
Прыведзеныя ў бюлетэні сярэднія звесткі за 2016 год сведчаць, што летась колькасць зарэгістраваных беспрацоўных складала 45,2 тыс. чалавек, а незарэгістраваных — 230,2 тыс. Да незарэгістраваных аднесеныя „асобы, якія не маюць працы, актыўна яе шукаюць і гатовыя пачаць працаваць”.
Пры тым, што колькасць эканамічна актыўнага насельніцтва склала ў сярэднім за год 4,4 млн чалавек, узровень незарэгістраванага (прыхаванага) беспрацоўя ў адносінах да колькасці ўсяго эканамічна актыўнага насельніцтва склаў 5,2%.
Акрамя асоб, якія, паводле класіфікацыі Міжнароднай арганізацыі працы, лічацца беспрацоўнымі, у бюлетэні таксама прыводзяцца звесткі пра колькасць працаздольных асоб, якія не былі занятыя пошукам працы.
Згодна з гадавымі звесткамі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у краіне ў 2016 годзе налічвалася 43,7 тыс. „асобаў, якія лічаць, што няма магчымасці знайсці працу”, і 28 тыс. тых, „хто не маюць неабходнасці або жадання працаваць”. Такім чынам, з улікам незарэгістраваных беспрацоўных колькасць асоб, не занятых на рынку працы, склала 301,9 тыс.
На нарадзе 3 жніўня Аляксандр Лукашэнка выказаў незадаволенасць тым, што 300 тыс. Чалавек не занятыя ў эканоміцы.
„Як мінімум паўмільёна у нас непрацоўных людзей. З іх 200 тыс. мы можам вызваліць: шматдзетных, хворых, інвалідаў, людзей, якія, магчыма, і хочуць працаваць, але ў іх не атрымліваецца з-за жыццёвых абставінаў. Але 300 тыс. дзе?” — падкрэсліў Лукашэнка і даручыў прыняць меры да таго, каб прымусіць іх працаваць.
Між тым беларускія эканамісты лічаць, што асобы, якія, згодна з айчыннай статыстыкай, з’яўляюцца беспрацоўнымі, у рэчаіснасці ўладкаваныя на працу — у тым ліку за мяжой.
„Час, калі ўсе нашы суайчыннікі працавалі на беларускіх заводах, застаўся ў мінулым. Сёння многія людзі становяцца фрылансерам, знаходзяць сабе прымяненне не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і за мяжой, бо рынак працы стаў глабальным і супрацьстаяць гэтай тэндэнцыі немагчыма”, — адзначыў у каментары БелаПАН дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык.
Паводле афіцыйных расійскіх звестак (МУС і цэнтральнай базы даных уліку замежных грамадзян), колькасць грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца ў Расіі, за апошнія гады павялічылася. Так, калі ў чэрвені 2014-га колькасць беларусаў у Расіі ацэньвалася ў 415,6 тыс. чалавек, то ў чэрвені 2016-га — 711,1 тыс., а ў чэрвені 2017-га — 676,1 тыс. Расійскія дэмографы лічаць, што многія беларусы, якія знаходзяцца ў Расіі, з’яўляюцца працоўнымі мігрантамі.
„Таму, як мне ўяўляецца, многія з тых, каго лічаць у Беларусі дармаедамі, на справе працуюць. Яны па беларускай статыстыцы праходзяць як „асобы, якія не маюць працы, актыўна яе шукаюць і гатовыя пачаць працаваць”, але ў рэчаіснасці звесткі міграцыйнай службы Расіі даюць падставы меркаваць, што яны ўжо працуюць за мяжой”, — падкрэсліў у каментары БелаПАН намеснік старшыні Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Георгій Грыц.