Прыняты бюджэт Гарадзенскай вобласці на наступны год
Бюджэт Гарадзенскай вобласці на 2016 год складзе 838 мільёнаў даляраў, большасць з якіх будзе накіравана на выплаты заробкаў настаўнікам, лекарам, чынавенству і іншым катэгорыям дзяржаўных служачых. На датацыі сельскай гаспадарцы выдаткоўваецца пяцьдзясят два з паловай мільёны даляраў, у той час, як на рэалізацыю інвестыцыйных праграмаў – амаль у чатыры разы меней.
Як зазначае эканаміст Яраслаў Раманчук, сацыяльна арыентаваны бюджэт з’яўляецца перажыткам савецкай сістэмы і можа прывесці да краха такой эканамічнай мадэлі развіцця:
– Гэта татальная сацыялістычная дзяржава, створаная бюракратамі. Гэта не жыццё, а гібенне. Стала яшчэ горш: дэмакратыя – не патрэбная, Еўразвяз – не патрэбны, свабода – не патрэбная. Давайце назад у СССР!
Паводле прагнозных паказчыкаў даходная частка бюджэта Гарадзенскай вобласці павінна перавысіць частку выдаткаў амаль на 8 мільёнаў даляраў. Сума будзе накіравана на пагашэнне пазыкаў па займах, якія маюць мясцовыя ўлады.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота novgazeta.by