Прыпынены транзіт расейскага газу праз Беларусь і Літву ў Калінінград



Транзіт расейскага газу праз Літву ў Калінінградскую вобласць часова прыпынены. Прычыны спынення транзіту не паведамляюцца. Гаворыцца, што гэта зроблена па просьбе „Газпрома”.

Пра спыненне транзіту паведамляе „Інтэрфакс-Захад” са спасылкай на аператара газатранспартнай сістэмы Літвы Amber Grid.

Варта адзначыць, што газ у Калінінградскую вобласць трапляе па трубах праз тэрыторыі Беларусі і Літвы.

Паводле звестак Amber Grid, патокі газу ў Літву з Беларусі з’яўляюцца стабільнымі. Літоўскія спажыўцы газу забяспечваюцца газам не толькі па трубаправодзе з Расеі, але і праз Клайпедскі тэрмінал звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ), з латвійскага газасховішча.

У самай заходняй вобласці Расеі дзейнічае Калінінградскае падземнае сховішча газу (ПСГ), якое пачало працу ў 2013 годзе. Цяпер, паводле звестак даведкі на сайце „Газпрома”, у складзе КПХГ дзейнічаюць чатыры рэзервуары захоўвання газу, аператыўны рэзерв — 174 млн кубаметраў.