Прырост беларускага ВУП знізіўся да 4,8%



Паводле звестак Белстата, аб’ём валавога ўнутранага прадукту ў студзені—красавіку 2018 года ў бягучых цэнах склаў 35,6 млрд рублёў, або ў супастаўных цэнах на 4,8% больш за ўзровень такога ж перыяду 2017 года.

Прырост ВУП у студзені 2018 года да студзеня 2017-га быў на ўзроўні 4,6%, у студзені—лютым гэтага года да аналагічнага леташняга перыяду — 5,6%, студзені—сакавіку — 5,1%.

У 2017 годзе ВУП павялічыўся на 2,4% пры прагнозе 1,7%. У гэтым годзе ўрад разлічвае на тэмп прыросту ВУП на ўзроўні 103,5%. У 2016 годзе ВУП скараціўся на 2,6%, у 2015-м — на 3,9%, у 2014-м — вырас на 1,6%.

Як лічаць аналітыкі Міжнароднага валютнага фонду, у 2018 годзе рост беларускага ВУП можа скласці 2,8%. Гэты прагноз значна лепшы за папярэдні: у кастрычніку 2017 года эксперты МВФ чакалі рост эканомікі ў 2018 годзе на 0,7%. Згодна з апошняй ацэнкай аналітыкаў фонду, у 2019 годзе ВУП павялічыцца на 2,4%.

Аляксандр Лукашэнка, заслухоўваючы 2 сакавіка справаздачу аб выніках працы эканомікі за 2017 год і задачах на перспектыву, даручыў павялічыць ВУП у наступнай пяцігодцы да 100 млрд долараў. „У наступнай пяцігодцы нам кроў з носу трэба дасягнуць планкі ВУП у 100 млрд долараў, толькі гэта дазволіць мець заробак 1 тыс. долараў і не скаціцца ў пастку беднасці. Таму сённяшнія настроі „хоць бы дажыць да 2025 года” непрымальныя”, — заявіў ён. Пакуль, адзначыў Лукашэнка, з актываў ва ўрада ВУП у 54 млрд долараў, хоць у мінулай пяцігодцы было 67 млрд.

Як лічыць Лукашэнка, асновай росту ВУП у 2017 годзе былі не ўнутраныя фактары. „Гэта трэба прызнаць”, — заявіў ён. У той жа час, дадаў афіцыйны лідар, добра, што ўрад змог скарыстацца спрыяльнымі знешнімі ўмовамі.

У эканоміцы Беларусі ў першым квартале 2018 года адзначаліся станоўчыя тэндэнцыі росту, аднак расслабляцца не варта, заявіў 28 красавіка прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў на пасяджэнні Савета міністраў, падчас якога абмеркаваны вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны за тры месяцы года. Паводле яго слоў, у пачатку года сфарміраваны добры задзел па тэмпах росту ВУП: істотна апярэджваецца прагноз (105,1% пры прагнозе на першы квартал 102,1%, на год — 103,5%). Яшчэ больш высокімі тэмпамі, чым ВУП, расце прадукцыйнасць працы. Рост валавога рэгіянальнага прадукту і прадукцыйнасці працы адзначаецца ва ўсіх рэгіёнах.

belapan.by