Прыярытэты праграмы ўстолівага развіцця да 2035 года – дэмаграфія і адукацыя
Беларусь знаходзіцца на 23-м месцы сярод больш як 160 дзяржаў па індэксе ўстойлівага развіцця. «Гэта вельмі добры паказчык. Беларусь на самым высокім роўні прадэманстравала прыхільнасць да канцэпцыі ўстойлівага развіцця», – заявіла пастаянны каардынатар ААН у Беларусі Іаанна Казана-Вішнявецкі на сустрэчы ў Менску, прысвечанай доўгатэрміновым прыярытэтам устойлівага развіцця Беларусі.
Мар’яна Шчоткіна, экс-міністр працы, нацыянальны каардынатар праграмы “Мэты ўстойлівага развіцця”, у сваю чаргу заявіла журналістам, што зараз ідзе праца над вызначэннем прыярытэтаў да 2035 года.
– Гэта перш за ўсё дэмаграфічная праблема, гэта зялёная эканоміка, экалагічны складнік, цыркуляцыйная эканоміка, гэта інавацыйны клімат, развіццё бізнеса, гендэрная праблема, падтрымка сям’і, бо праблема дэмаграфіі ёсць сёння ў многіх развітых краінах і ў нас таксама гэта праблема №1. Насельніцтва павінна прырастаць. І таму неабходна прымаць неабходныя захады, каб была ўстойлівасць унутры краіны.
Беларусь павінна ўлічваць глабальную лічбавізацыю эканомікі, падкрэслівае Мар’яна Шчоткіна:
– Калі мы гаворым пра лічбавізацыю эканомікі, пра якую сёння таксама ўсе гавораць, і ўсе робяць пэўныя крокі, мы разумеем, што гэта прывядзе і да гіперпагроз. Гэта прывядзе да таго, што, зразумела, мы мусім перагледзець спіс прафесій, мы мусім забяспечыць унутры дзяржавы эфектыўную занятасць, высокую прадукцыйнасць працы і своечасова вучыць і перавучваць. То бок, мэта 4 – адукацыія – выходзіць на вядучую ролю.
У 17 мэтаў устойлівага развіцця, якія прынялі ў 2015 годзе 193 краіны, уваходзяць такія, як ліквідацыя беднасці; захаванне здароўя; якасная адукацыя; гендэрная роўнасць; годная праца і эканамічны рост.
Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск