„Прыёрбанк” і „Ідэя Банк” спынілі крэдытаванне насельніцтва



Два беларускія банкі, якія належаць заходнім акцыянерам, — „Прыёрбанк” і „Ідэя Банк” — прынялі рашэнне з 8 верасня спыніць крэдытаванне фізічных асоб.

„Прыём крэдытных заявак і заключэнне крэдытных дагавораў будуць часова прыпыненыя, за выключэннем дагавораў на даванне авердрафтнага крэдытавання. Заключэнне крэдытных дагавораў на даванне авердрафтнага крэдытавання будзе магчымае па стаўцы 24% гадавых”, — паведамляе „Прыёрбанк”.

Пра аднаўленне прыёму крэдытных заявак і заключэння крэдытных дагавораў будзе паведамлена дадаткова, удакладняе „Прыёрбанк”, які належыць аўстрыйскай банкаўскай групе Raiffeisen Bank International AG.

Аб прыпыненні крэдытавання насельніцтва паведаміў і „Ідэя Банк”, які належыць польскаму холдынгу Getin Holding. Гэты банк спыніў у тым ліку і авердрафтнае крэдытаванне.

„Ідэя Банк” прыпыняе прыём новых крэдытных заявак (у тым ліку заявак на авердрафтнае крэдытаванне), а таксама заключэнне крэдытных здзелак з фізічнымі асобамі з 8 верасня 2020 года ў аддзяленнях банка, у інтэрнэт-банку і мабільнай праграме”, — гаворыцца ў паведамленні банка.

Раней аб прыпыненні крэдытавання ў Беларусі абвясцілі „БПС-Ашчадбанк”, „Банк БелВЭБ”, „Белінвестбанк”, „Альфа-Банк” (уваходзяць у першую дзясятку банкаў па велічыні актываў). Рашэнне прыпыніць або абмежаваць выдачу крэдытаў насельніцтву прыняў таксама шэраг сярэдніх банкаў („Тэхнабанк”, „БНБ-Банк”, „Франсабанк”).

1 верасня прыпыніў выдачу насельніцтву жыллёвых крэдытаў і адначасова з гэтым з 5 да 15 дзён павялічыў тэрмін разгляду заявак на выдачу спажывецкіх крэдытаў „Беларусбанк”.

У афіцыйных паведамленнях беларускія банкі не называюць прычыны, з якіх прынятае рашэнне прыпыніць крэдытаванне насельніцтва.

Між тым прадстаўнікі банкаўскага сектара ў прыватных гутарках паведамілі БелаПАН, што пасля прэзідэнцкіх выбараў, якія прайшлі 9 жніўня, у краіне на фоне ўзмацнення дэвальвацыйных чаканняў адзначаўся павышаны попыт на рублёвыя крэдыты з боку насельніцтва.

„Гэта класічная гісторыя. Калі ў насельніцтва ўзнікаюць дэвальвацыйныя чаканні, фізасобы забіраюць рублёвыя дэпазіты і бяруць рублёвыя крэдыты. І тое і другое для таго, каб перайсці ў цвёрдую валюту альбо купіць тавары працяглага карыстання, якія з-за росту валютных курсаў могуць падаражэць”, — растлумачыў топ-менеджар аднаго з банкаў.

У сувязі з дэфіцытам рублёвай ліквіднасці, які абумоўлены адтокам дэпазітаў і ростам попыту на рублёвыя крэдыты, банкі вымушаныя рэагаваць на сітуацыю, кажуць удзельнікі рынку. „Мы скарачаем аб`ём крэдытавання за кошт узмацнення жорсткасці ўмоў іх выдачы, усю актыўнасць па рэкламаванні крэдытных прадуктаў спынілі”, — расказаў член праўлення аднаго з банкаў.

Топ-менеджары трох банкаў у каментары БелаПАН выказалі ўпэўненасць у тым, што ў існых умовах згортванне крэдытавання насельніцтва стане досыць распаўсюджанымі паводзінамі банкаў. „Рублёвых крэдытаў для насельніцтва на рынку не будзе, або іх банкі будуць выдаваць вельмі лімітавана”, — выказаў меркаванне член праўлення аднаго з банкаў.

Паводле слоў банкіраў, разам з дэфіцытам ліквіднасці яшчэ адна прычына, з якой банкі зацікаўленыя спыняць рублёвае крэдытаванне, — працэнтныя стаўкі, верхняя мяжа якіх фактычна рэгулюецца Нацбанкам шляхам устанаўлення разліковых велічынь стандартнай рызыкі.

belapan.by