Пуск БелАЭС ва ўмовах пандэміі неабходна адкласці



Пуск Астравецкай АЭС ва ўмовах пандэміі, як мінімум, неабходна адкласці, – лічаць актывісты Беларускай антыядзернай кампаніі. Вядома, што з будоўлі шпіталізавалі каля 100 чалавек. Мінэнерга ў адказ заявіла, што ніякіх карэкціровак у збудаванні станцыі рабіць не плануецца, а выдача першых кілават-гадзін электраэнергіі з БелАЭС пачнецца ў верасні-кастрычніку бягучага года.

Сітуацыю каментуе эколаг, сябра рады грамадскага аб’яднання «Экадом» Ірына Сухій:

– Калі мы яе запусцім, то ў выпадку таго, што ключавыя спецыялісты захварэюць, мы можам аказацца ў вельмі складанай сітуацыі. Другая рэч, якая нас вельмі турбуе – гэта тое, што ў прынцыпе сам працэс пуску – гэта ўжо аварыйна-небяспечная сітуацыя. Я з жахам думаю пра тое, што калі штосьці пойдзе не так, а ў нас тут межы закрыты, усе сілы МНС і аховы здароўя кінутыя на каронавірус і тут у нас узнікае на надзвычайную сітуацыю другая надзвычайная сітуацыя.

Ірына Сухій лічыць, што БелАЭС уцягне Беларусь у яшчэ большую залежнасць ад Расеі і называе станцыю элементам «гібрыднай вайны». Яна будуецца за кошт расейскага крэдыту па тыпавым расейскім праекце.

– Калі б якія-небудзь эканамісты не паленаваліся і палічылі, што нават калі мы не запусцім станцыю, мы будзем аддаваць крэдыт, то ў доўгатэрміновай перспектыве гэта можа аказацца танней.

Як паведамлялася, у Астравецкім раёне тузін чалавек прымусова праверылі на каронавірус з санкцыі раённага пракурора. Але невядома, ці звязаныя тыя, хто «ўхіляўся» ад тэстаў, з пабудовай атамнай электрастанцыі.

Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя