Пуск другога энергаблока БелАЭС павінен пачацца сёлета



Фізічны пуск другога энергаблока Беларускай АЭС павінен пачацца ўжо ў 2019 годзе — гэта пазначана ў табліцы мэтавых паказчыкаў і планаў па ключавых падзеях на 2019 год у леташняй справаздачы АТ „Атамэнергапрам” — даччынай кампаніі расейскай дзяржкарпарацыі „Расатам”, якая кансалідуе грамадзянскія актывы атамнай галіны РФ. У ліку ключавых падзей на гэты год таксама ўказана першае ўключэнне ў сетку першага энергаблока БелАЭС.

На этапе фізічнага пуску ў рэактар энергаблока загружаюць ядзернае паліва. Звычайна гэта доўжыцца 10—15 дзён. Далей пасля серыі выпрабаванняў пачнецца энергетычны пуск — энергаблок уключаць у электрычную сетку і будуць паступова нарошчваць яго магутнасць да намінальнай.

Беларуская АЭС узводзіцца паблізу Астраўца (Гарадзенская вобласць) за кошт крэдыту Расіі па тыпавым расійскім праекце ВВЭР-1200. Крэдытная лінія да 10 млрд долараў на будаўніцтва станцыі адкрыта да 2035 года. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока АЭС запланаваны на снежань 2019 года, другога — на ліпень 2020-га. Мяркуецца, што атамная станцыя будзе выпрацоўваць 18 млрд кВт·гадз электраэнергіі штогод.

Намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк на сустрэчы з журналістамі 15 красавіка ў Сочы (РФ) паведаміў, што фізічны пуск першага энергаблока БелАЭС павінен адбыцца восенню, калі „на стадыі абкатак не будзе сур’ёзных форс-мажораў”. Паводле яго слоў, дастаўка ядзернага паліва павінна прайсці за месяц да фізічнага пуску першага энергаблока.

belapan.by