Пуцін абяцаў дапусціць беларускія прадпрыемствы да расейскіх дзяржзакупак
Прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін найбліжэйшым часам даручыць ураду РФ дапусціць да дзяржзакупак беларускія прадпрыемствы. Пра гэта прэзыдэнт Расеі заявіў у сераду падчас гутаркі ў Санкт-Пецярбургу з Аляксандрам Лукашэнкам. На думку Пуціна, допуск да дзяржзакупак пойдзе на карысць Расеі, паколькі «падвысіць узровень канкурэнцыі на рынку», а таксама «істотна пашырыць магчымасці» для беларускага бізнэсу.
Раней Уладзімір Пуцін даручыў ураду ў месячны тэрмін забяспечыць роўныя ўмовы допуску на расейскі рынак і ў сферу дзяржаўных і муніцыпальных закупак тавараў, вырабленых у так званых Данецкай і Луганскай народных рэспубліках.
Згодна з планамі прэзідэнта РФ, сэртыфікаты аб паходжаньні тавараў, якія выдаюць «ДНР» і «ЛНР», будуць прызнаныя сапраўднымі на тэрыторыі Расеі.