Пуцін даручыў адправіць 100 тыс. вязняў на прымусовыя працы
Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін падтрымаў прапанову міністра юстыцыі Канстанціна Чуйчанкі аб пашырэнні сістэмы папраўчых цэнтраў ФСВП і павелічэнні колькасці зняволеных, якія будуць пераводзіцца з калоній на прымусовыя працы, паведамляецца на сайце Крамля.
«На сённяшні дзень у нас створана 15 тысяч [рабочых] месцаў. Да канца 2024 года мы хацелі б стварыць каля 100 тысяч месцаў. Такім чынам у нас значна зменшыцца колькасць людзей, якія ўтрымліваюцца ў месцах пазбаўлення волі», – сказаў Чуйчанка на сустрэчы з кіраўніком дзяржавы. «Давайце так і зробім», – ухваліў Пуцін.
Па дадзеных Чуйчанкі, на сённяшні дзень у расейскіх папраўчых установах утрымліваюцца каля 350 тысяч асуджаных. Правам пераводу на прымусовыя работы могуць скарыстацца каля 180 тыс. зняволеных. Аднак пакуль няма дастатковай колькасці працоўных месцаў, на якія можна адправіць вязняў.
Ідэю прыцягваць зняволеных да працы замест мігрантаў першым у 2021 годзе выказаў кіраўнік Федэральнай службы выканання пакаранняў Аляксандр Калашнікаў, паведамляе znak.com. Ён прапанаваў пачаць арганізоўваць працоўныя лагеры для асуджаных на буйных аб’ектах, дзе не хапае працоўнай сілы і працуюць мігранты: „Гэта будзе не ГУЛАГ, гэта будуць абсалютна новыя годныя ўмовы”.
Фота: агенцтва «Масква»