Пуцін: Расея не можа датаваць эканоміку Беларусі
Кошт газу для Беларусі, як для Смаленскай вобласці, магчымы пры стварэнні наднацыянальных органаў, заявіў прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін на прэс-канферэнцыі ў Маскве 19 снежня. Сваю пазіцыю ён абазначыў за суткі да сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.
«Прыбытковасць ад продажу ў Еўропу і Беларусь для »Газпрома« адрозніваецца ў чатыры разы», – адзначыў Пуцін, прэс-канферэнцыю якога транслююць вядучыя тэлеканалы РФ.
«Мы ж прадаем усё ў Беларусь бяспошлінна, – сказаў ён. – Што датычыцца нашых продажаў энерганосьбітаў, у тым ліку газу, у Еўропу і ў Беларусь, то ў Беларусі самыя нізкія цэны, якія толькі магчымыя для нашых замежных партнёраў. Гэта 127 долараў за тысячу кубоў. У Еўропу за 200 мы прадаем. У нас сярэдняўзважаная цана цяпер па Расеі на газ – 70 долараў за тысячу кубоў. 70 – сярэдняўзважаная, 75 – для прамысловасці і 62 долары – для насельніцтва».
Пуцін адзначыў, што чым далей ад месцаў здабычы пастаўляецца газ у расейскія рэгіёны, тым больш датуецца цана з бюджэту. «Смаленск адносіцца да такой зоны, дзе датаванне самае высокае, – сказаў ён. – Смаленск спажывае недзе 2 млрд [кубаметраў] прыкладна. У Беларусь мы прадаем 20 млрд. І калі мы будзем датаваць усю беларускую эканоміку, то гэта значыць, што мы, Расея, датуем цалкам такі першасны энерганосьбіт, як газ, для ўсёй краіны. Ну, гэта пытанне, пагадзіцеся, вельмі дзіўнае».
Паводле слоў Пуціна, магчымы варыянт, калі Расея будзе датаваць кошт газу для Беларусі, як для Смаленскай вобласці. «Але што для гэтага трэба? Для гэтага патрэбныя агульныя правілы ў выглядзе законаў, у тым ліку ў сферы падатковага абкладання, у сферы датацыйнай палітыкі, у сферы падтрымкі з бюджэтаў розных узроўняў тых ці іншых галін. Для гэтага нават патрэбныя агульныя наднацыянальныя органы – кантрольны і эмісійны. Павінны агульныя правілы ў сферы антыманапольнай палітыкі працаваць, а можа быць, і агульны орган. Гэта велізарная праца, і яна можа быць праведзена толькі ў тым выпадку, калі ёсць палітычная воля і жаданне з абодвух бакоў», – заявіў расейскі кіраўнік.
«У нас такое жаданне ёсць», – падкрэсліў Пуцін. «Мы абмяркоўваем з нашымі беларускімі партнёрамі гэта, рухаемся наперад у значнай ступені, – сказаў ён. – Але на што мы зможам выйсці, пакуль незразумела. Забягаць наперад і пачынаць датаваць для Беларусі тое, што мы цяпер не гатовыя рабіць, ва ўмовах недавырашанасці пытання саюзнага будаўніцтва, было б з нашага боку памылковым».