Пуцін: Цана газу для Беларусі амаль удвая ніжэйшая, чым для Германіі
Цана газу для Беларусі, як аднаго з галоўных саюзнікаў Расеі, амаль удвая ніжэйшая, чым для Германіі, хоць і ў гэтым пытанні „трэба імкнуцца да ўніфікацыі”, заявіў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін 6 снежня ў Санкт-Пецярбургу на пасяджэнні Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета.
„Звяртаю ўвагу на тое, што сёння ў Беларусі цана — 129 даляраў ЗША за 1 тыс. куб. м, у наступным годзе будзе 127, а ў ФРГ — 250 даляраў. Гэта, безумоўна, вялікая перавага для нашых саюзнікаў па ЕАЭС, хоць, вядома, мы павінны імкнуцца да поўнай уніфікацыі, але для гэтага трэба час і іншы ўзровень інтэграцыі паміж нашымі краінамі, але гэта прадмет перамоў”, — сказаў расейскага лідар. Сюжэт з выступамі кіраўнікоў дзяржаў размешчаны на відэасэрвісе Youtube.
„Вы маеце рацыю, Уладзімір Уладзіміравіч, але наш галоўны гандлёвы партнёр — не ФРГ, а Расейская Федэрацыя. І нам важна, каб былі роўныя ўмовы, перш за ўсё ў Беларусі і братняй Расеі”, — адзначыў у адказ на выказванне Пуціна Аляксандр Лукашэнка.
На пасяджэнні Лукашэнка заявіў, што Беларусь выступае за забеспячэнне ўсёабдымнага і безумоўнага выканання ўсімі дзяржавамі ЕАЭС саюзных норм і ўзятых на сябе абавязацельстваў. Ён нагадаў, што бакі дамовіліся стварыць да 2025 года агульныя рынкі газу, нафты і нафтапрадуктаў. „Мы прынялі такое з вамі рашэнне. І мы абавязаны выканаць усе ў намечаныя тэрміны і забяспечыць працу саюза ва ўмовах стабільнай і справядлівай паліўна-сыравіннай палітыкі, — працягнуў Лукашэнка. — У саюзніцкіх адносінах няма інтарэсаў пастаўшчыкоў і спажыўцоў энергарэсурсаў. Ёсць цэласная сістэма — Еўразійскі эканамічны саюз. І пад гэтым мы канцэптуальна і канкрэтна падпісаліся”.
Беларускі кіраўнік заявіў, што цалкам салідарны з прэзідэнтам Расеі, які адзначыў важнасць развіцця новых сфер супрацоўніцтва, у тым ліку атамнай энергетыкі і аднаўляных энергакрыніц. „Аднак адсутнасць згоды па прынцыпах фарміравання асноўнага нафтагазавага рынку не дазваляе ЕАЭС прагрэсаваць больш хуткімі тэмпамі. Рашэнне гэтага ключавога пытання дазволіць краінам прыступіць да засваення і іншых кірункаў”, — сказаў ён.
Лукашэнка прывёў прыклад, што тарыф „Газпрома” на транспарціроўку прыроднага газу для Беларусі складае амаль 3 даляры за 1 тыс. куб. м на 100 км, а ўнутраны тарыф у Расеі — парадку 1 долара за 1 тыс. куб. м, або ў тры разы ніжэй. Пры гэтым у структуры цаны газу для Беларусі плата за транспарціроўку па тэрыторыі Расеі — больш за 70%.
„З улікам гэтых абставінаў газ нашай краіне на мяжы са Смаленскай вобласцю абыходзіцца амаль у 130 даляраў за 1 тыс. куб. м, а кошт для спажыўцоў той жа Смаленскай вобласці — 70 даляраў. Простае пытанне: як канкураваць у гэтай сітуацыі?” — спытаў ён.
„Калі прэса пакіне залу, мы падыскутуем, — паабяцаў на гэта Уладзімір Пуцін. — Што тычыцца сённяшняй сітуацыі, то цяпер важны не тарыф, важная канчатковая цана газу”. „Але ўжо сёння нашы партнёры маюць перавагі. Калі б была рынкавая цана для Беларусі — было б пад 200 даляраў”, — падкрэсліў прэзідэнт Расеі.
belta.by
Фота: Reuters