Пяць еўрапейскіх партнёраў судзяцца з «Газпрамам»



Пяць еўрапейскіх партнёраў «Газпрома» дамагаюцца ў судзе перагляду цэнаў на газ, – гэта вынікае са справаздачы расейскай кампаніі.

Цяпер расейская кампанія судзіцца з Shell Energy Europe, дацкай DONG Naturgas A/S, польскай PGNiG, турэцкай BOTAŞ Petroleum Pipeline Corporation і галандскай GasTerra.

У «Газпроме» адзначылі, што слуханні наконт пазову DONG Naturgas пройдуць у кастрычніку-лістападзе 2016 года, а рашэнне па спрэчцы з PGNiG павінна быць вынесена не пазней за 31 ліпеня 2017 года. Перспектывы арбітражнага разбору з турэцкай BOTAŞ пакуль невядомыя — план павінен быць зацверджаны ў бліжэйшы час.

Довады Shell Energy Europe суд мае намер выслухаць толькі ў лютым 2018 года, а GasTerra запатрабавала судовага перагляду цэн у канцы сакавіка 2016 года і пазоў пакуль не разгледжаны.

У сваю чаргу, «Газпром» з’яўляецца ініцыятарам судовых разглядаў з «Нафтагазам», «Туркменгаз» і «Малдоўгаз». Разбору ў дачыненні да Кіева і Кішынёва датычацца спагнання запазычанасці за пастаўлены газ. З «Туркменгаз» сітуацыя ідзе інакш – расейская кампанія просіць перагледзець цэны, па якіх закупляе паліва ў Туркменіі.