Пяты месяц запар зніжаецца пакупніцкая здольнасць беларускага экспарту



 У студзені—чэрвені 2019 года на 2,5% знізіўся індэкс пакупніцкай здольнасці беларускага экспарту пры спрыяльных цэнавых умовах гандлю (цэнавай вырас на 0,7%) і памяншэнні фізічных аб’ёмаў экспартных паставак, вынікае з дадзеных Белстата.

У студзені—маі індэкс пакупніцкай здольнасці паменшыўся на 3% (цэнавай — не змяніўся), студзені—красавіку — паменшыўся на 2% (цэнавай — на 0,8%), студзені—сакавіку — на 1,9% (1,3%), студзені—лютым — на 1,2% (1,4%). Гэта адбылося пасля двухгадовага спрыяльнага перыяду росту пакупніцкай здольнасці экспарту.

Як адзначылі ў Белстаце, памяншэнне вартаснага аб’ёму экспарту абумоўлена падзеннем сярэдніх цэн і фізічных аб’ёмаў экспартаваных тавараў. Вартасныя аб’ёмы імпарту зменшыліся за кошт скарачэння сярэдніх цэн на імпартныя тавары.У параўнанні са студзенем—чэрвенем 2018 года сярэднія цэны экспарту знізіліся на 0,9%, імпарту — на 1,6%. Таварная маса экспарту паменшылася на 3,2%, імпарту — павялічылася на 0,3%.

Зафіксавана скарачэнне фізічнага аб’ёму экспарту інвестыцыйных тавараў на 2,4% пры зніжэнні цэн на 1,1%. Экспарт прамежкавых тавараў паменшыўся на 6,5%, энергетычных — на 17,5%, іншых прамежкавых тавараў — на 0,5%.

Зніжэнне сярэдніх цэн экспарту назіралася ў групе прамежкавых тавараў на 0,3%, у тым ліку цэны на энергетычныя тавары знізіліся на 2,4%. Экспартныя цэны на спажывецкія тавары знізіліся на 2,2% пры росце экспарту на 2,6%. Пры гэтым цэны на харчовыя тавары выраслі на 0,9% пры зніжэнні экспарту на 4,3%. Цэны на нехарчовыя тавары знізіліся на 6,8%, іх экспарт вырас на 13,7%.

belapan.by