Пытанне з расейскім крэдытам ускладняецца
Беларусь можа не атрымаць крэдыт ад Расеі. Намеснік міністра фінансаў Расеі Сяргей Сторчак адзначыў, што бюджэт Расеі сёлета “напружаны” і няма магчымасці выдаць крэдыты замежным краінам.
„Гэта ясны сігнал усім рэжымам, якія з працягнутай рукой стаяць ля крамлёўскіх варотаў,” – адзначае палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі:
– Тут вялікае пытанне і для Беларусі, таму што, як вядома, даўно ўжо вядуцца перамовы, каб Менску далі, спачатку казалі 3, цяпер 2 мільярды даляраў па лініі Еўразійскага фонда стабілізацыі і развіцця. Фармальна гэта не расейскі, а еўразійскі інтэграцыйны агульны фонд, але ён на 80% фармуецца Масквой, і адпаведна, за ёй будзе рашучае слова ў гэтым пытанні. Таму гэта кепскі сігнал для беларускага ўрада.
За апошнія тыдні расейскі і беларускі рубель абнавілі чарговыя мінімумы ў адносінах да замежных валютаў. Цана на нафту, паступленні ад продажу якой складаюць амаль палову бюджэту Расеі, знізілася ніжэй за 30 даляраў за барэль.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя