Пытанні прыватызацыі ў Беларусі маюць палітычны ды ідэалагічны характар
Пытанне продажу блок-пакета акцый прадпрыемства “Гродна Азот” будзе вырашацца падчас прамых перамоваў – заявіў першы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка.
Ён прыгадаў, што конкурсны адбор інвестара, які планаваўся ў канцы ліпеня, не адбыўся, бо не паступіла заявак на ўдзел у ім. Сямашка не ўдакладніў, якую цану просіць беларускі бок за блок-пакет, раней яго стартавая цана вызначалася ў 414 мільёнаў еўра.
Эканаміст Леанід Злотнікаў адзначае, што ў цэлым пытанні прыватызацыі для кіраўніцтва Беларусі ў многім носяць палітычны ды ідэалагічны характар:
– І гэта не толькі “Азот”. У нас шмат гадоў гавораць пра прыватызацыю буйных прадпрыемстваў, але справа не рухаецца, бо дзяржава ў нас не хоча выпусціць са сваіх рук прадпрыемствы. Бо што ж тады яму застанецца, чым камандаваць? А іншага боку, Лукашэнка выдатна разумее, што калі прыйдзе расейскі бізнес на “Азот”, то расейцам не надта падыктуеш: што і як рабіць.
Эканаміст прыводзіць прыклад, калі “Газпром” прыватызаваў “Белтрансгаз” і адразу замяніў усіў беларускіх упраўленцаў на сваіх, а “Гродна Азот” працуе на прыродным газе, таму прыйсці сюды могуць найперш расейскія інвестары.
З іншага боку, прадпрыемства неадкладна патрабуе фінансавых паступленняў і рэканструкцыі, таму сітуацыя пакуль выглядае тупіковай.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя