Рабочыя «Атланта» ідуць на двухтыднёвыя канікулы



Прастоі на Баранавіцкім станкабудаўнічым заводзе (БСЗ) ЗАТ «Атлант» сталі аб’яўляцца з такой рэгулярнасцю, што гэта пачынае палохаць, піша сайт praca-by.info. Раней рабочых адпраўлялі на канікулы з 23 снежня па 12 студзеня, а таксама з 26 студзеня па 2 лютага.

«Гэтым разам асноўная вытворчасць – кампрэсарная – не будзе працаваць з 24 лютага па 9 сакавіка. Як звычайна, будуць плаціць дзве траціны тарыфнай стаўкі – гэта каля 50 тысяч рублёў у дзень. Кажуць, што няма грошай на закупку дэталяў, а па перадаплаце з намі працаваць не хочуць. Увогуле, прадпрыемства ўпэўнена ідзе да дна,» – распавялі рабочыя завода.

«За мінулы месяц мужчыны атрымалі заробкі каля 2,5 мільёнаў рублёў, жанчыны – менш за 2 мільёны,» – кажуць працоўныя.

Паводле іх, да гэтага часу невядомы лёс дырэктара завода («прапаў і ўсё»). Ужо прыкладна паўтара месяца яго не бачылі. Ходзяць чуткі пра крымінальную справу.

На Баранавіцкім станкабудаўнічым заводзе занята каля 2 тысяч чалавек, палова з іх працуе на вытворчасці кампрэсараў для халадзільнікаў і маразільнікаў.

Фота znk.by