Работнікі „Беларуськалія” абвясцілі забастоўку
Работнікі „Беларуськалія” абвясцілі забастоўку, паведаміў БелаПАН прэс-сакратар Беларускага незалежнага прафсаюза Раман Ерашэня.
Паводле яго слоў, забастоўка ўжо абвешчаная на першым, другім і трэцім рудаўпраўленні. Акрамя шахцёраў у страйку ўдзельнічаюць работнікі абагачальнай фабрыкі і дапаможных падраздзяленняў (транспартныя цэхі).
Работнікі „Беларуськалія” патрабуюць вызвалення палітычных зняволеных і ўдзельнікаў мірных акцый, неадкладнай адстаўкі Лукашэнкі, правядзення сумленных і празрыстых выбараў з адкрытым падлікам галасоў з удзелам міжнародных арганізацый і незалежных назіральнікаў.
Акрамя гэтага, яны патрабуюць правядзення незалежнага расследавання фактаў прымянення непрапарцыйнай сілы, здзекаў і катаванняў у дачыненні да мірных грамадзян з боку сілавікоў, а таксама адмены кантрактнай сістэмы як інструмента націску на працоўных.
„Рабочыя сёння прыйшлі да будынкаў рудаўпраўленняў, выклікалі кіраўніцтва, спыталі аб выкананні сваіх патрабаванняў, атрымалі адказ, што яны не выкананыя, і сказалі, што распачынаюць бестэрміновую забастоўку”, — распавёў Ерашэня.