Работнікі БелАЗа пачалі забастоўку
Пачалі забастоўку працаўнікі яшчэ аднаго буйнога беларускага прадпрыемства — ААТ „БелАЗ”, паведаміў БелаПАН кіраўнік Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук.
Раней, нагадаем, пра страйк абвясцілі работнікі ААТ „Беларуськалій”.
Паводле слоў Ярашука, да забастоўкі „Беларуськалія” таксама далучыліся „многія спадарожныя прадпрыемствы”.
Акрамя таго, паводле звестак БелаПАН, бастуюць некаторыя работнікі Мінскага маторнага завода. Так, адна з супрацоўніц ММЗ Алена Млечка паведаміла, што яна знаходзіцца на працоўным месцы, але не працуе. „У нас адключылі наш тэлеграм-канал, таму я не ведаю, што адбываецца ў іншых падраздзяленнях”, — сказала яна.
Як паведамлялася, 14 жніўня работнікі многіх прадпрыемстваў абвясцілі забастоўкі, а таксама правялі мітынгі і сходы супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў.
Мітынгі і страйкі прайшлі амаль на двух дзясятках прадпрыемстваў, сярод якіх Мінскі электратэхнічны завод імя Казлова, „Белкард”, БМЗ, „Беларуськалій”, „Гроднапрамбуд”, „Мінскія кабельныя сеткі”, „Нафтан”, „Палімір”, МТЗ, ММЗ, МЗКЦ, Мінскі метрапалітэн, Мінскі маргарынавы завод, „Інтэграл”, „Белмедпрэпараты”, „Керамін”, „Гродна Азот”, „Хімвалакно” і іншых.
„Цяжка пералічыць усе прадпрыемствы, на якіх прайшлі і праходзяць мітынгі пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў, але іх шмат. Цалкам відавочна, што будуць падымацца адно прадпрыемства за адным, і гэты працэс ніхто і ніяк не зможа спыніць”, — адзначыў раней у каментары БелаПАН Ярашук. Ён лічыць, што забастоўкі і мітынгі на многіх прадпрыемствах працягнуцца датуль, пакуль не будуць выкананыя палітычныя патрабаванні працоўных.
На думку кіраўніка БКДП, „цяпер гэта будуць проста патрабаванні рабочых разабрацца ў фальсіфікацыі выбараў, якія ніхто выконваць не будзе”.
„Калі яны не будуць выкананыя, то рабочыя будуць зусім па-іншаму паводзіць сябе. Іх проста так вакол пальца ніхто не абвядзе, таму што той масавы тэрор, які прайшоў на фоне фальсіфікацыі выбараў, закрануў кожнага працоўнага. Збівалі іх дзяцей, іх саміх, сяброў, знаёмых. Гэта вельмі ўсё сур`ёзна”, — сказаў кіраўнік аб`яднання прафсаюзаў.
„Калі працаўнікі адважыліся на гэты крок, то не мае значэння — гэта мітынг ці забастоўка. Яны не задаволяцца да таго часу, пакуль не будуць выкананыя іх палітычныя патрабаванні. У іх шмат абурэння і нянавісці да таго, што ўчыніла ўлада, проста так не атрымаецца забалбатаць праблему. Гэта палітычныя патрабаванні. Заўсёды пачыналася з гэтага, будзе і працяг па меры таго, калі ўлада не будзе выконваць гэтыя патрабаванні”, — сказаў на заканчэнне Ярашук.