Раман Галоўчанка: Беларуская інфляцыя выглядае на фоне іншых краін „прыстойна”
Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка лічыць, што на фоне іншых краін інфляцыя ў Беларусі выглядае прыстойна. Ён звязвае рост коштаў з падаражэннем сыравіны, зменай лагістыкі з-за санкцыяў. Паводле яго слоў, урад не выкарыстоўвае ўсе інструменты, каб замарозіць кошты, бо не можа.
«У многіх краінах Еўрапейскага саюза яна пабіла ўсе рэкорды, якія трымаліся 40 ці 50 гадоў. Таму на гэтым фоне мы выглядаем вельмі прыстойна», – сказаў Галоўчанка на суботніку. Відэазапіс апублікавала прэс-служба ўрада.
У Беларусі ў сакавіку інфляцыя склала 6,1 працэнта. Быў пабіты рэкорд, які трымаўся 11 год. Такія ці больш высокія тэмпы росту коштаў адзначаліся падчас валютнага крызісу 2011 года, калі за лета беларускі рубель абваліўся да даляра ў тры разы. Прэм’ер адзначыў, што нягледзячы на тое, што беларуская інфляцыя выглядае на фоне іншых краін „прыстойна”, яна застаецца галаўным болем „эканамічнага штаба”.
«Іншае пытанне, што мы не ўсе інструменты можам прымяняць для таго, каб стрымаць або замарозіць рост коштаў. Мы іх стрымліваем, вядома ж. Калі б не прымяняліся меры, то сітуацыя з інфляцыяй была б значна складаней. Але пакуль, яшчэ раз падкрэсліваюць, на фоне тых краін, якія не падвяргаюцца шокам санкцыйным, мы выглядаем цалкам прыстойна», – дадаў ён.
Галоўчанка адзначыў, што меры па стрымліванні маюць сістэмны характар і не падабаюцца гандлю і вытворцам.
“Не ўсім яны падабаюцца, асабліва гандлю, вытворцам, але на першае месца мы ставім інтарэсы беларускіх грамадзян. Нягледзячы на тое, што рост коштаў адбываецца, мы стараемся і рэалізоўваем праграму росту рэальных даходаў насельніцтва для таго, каб ён ураўнаважваў рост коштаў», – сказаў Галоўчанка.
Ён таксама патлумачыў рост інфляцыі.
«Вядома ж, галоўным чынам гэта ўсё звязана з падаражэннем тавараў, якія мы выкарыстоўваем у вытворчай дзейнасці, так званага прамежкавага імпарту, больш складаныя схемы паставак становяцца, сыравіна б’е рэкорды па ўсіх кірунках. Як зараз жартуюць, калі б год таму ведалі, то ўкладваліся не ў золата, а ў сталь, якая зараз расце вялікімі тэмпамі», – апісаў сітуацыю прэм’ер.
Прэм’ер таксама анансаваў дадатковыя меры падтрымай эканомікі. Яны абмяркоўваліся на паседжанні прэзідыўма Саўміна ў канцы тыдня.