Раман Кісляк: Мы гэта ўжо праходзілі ў 2019 годзе
Правядзенне пусканаладачных прац яшчэ не азначае, што акумулятарны завод пачне сваю паўнавартасную працу. У гэтым перакананы берасцейскі праваабаронца Раман Кісляк. Раней кіраўніцтва вытворчасці паведамляла, што запуск адбудзецца сёлета ў другім квартале. Эксперт у галіне права звярнуў увагу — гэта ўжо другая спроба актывізацыі АйПауэр:
– Была заява пра тое, што АйПауэр плануе ўвесці завод у эксплуатацыю. Але мы гэта ўжо праходзілі ў 2019 годзе. Яны таксама праводзілі пусканаладачныя працы, аднак увесці вытворасць у эксплуатацыю ў іх не атрымалася. Вытворчасць часова была прыпынена. Берасцейцы спадзяюцца, што і сёлета ў іх па аналогіі нічога не атрымаецца.
Як адзначыў Раман Кісляк, актывісты ўсё роўна будуць настойваць на тым, што завод пабудаваны з парушэннямі, нягледзячы на пазіцыю берасцейцаў, якія супраць з’яўлення шкоднай вытворчасці бліз горада.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота b-g.by