Рамеснікі запрацуюць па-новаму з 12 студзеня (абноўлена)



Што зменіцца для беларускіх рамеснікаў? 12 студзеня 2018 году ў Беларусі набывае моц адмысловы ўказ “Аб ажыццяўленні фізічнымі асобамі рамеснай дзейнасці”. Дакумент максімальна пашырае пералік відаў рамесніцкай дзейнасці. Што пра гэты ўказ думаюць гарадзенскія рамеснікі, кажа адзін з іх – Аляксандр Яўсей:

– Я бачу толькі пазітыўныя матывы. Па-першае, усе зведзена ў адно месца, менш стала розначытанняў, якія мелі месца раней – 225, 522. Крыху адрозніваліся рэдакцыямі. Па-другое, пашыраны віды дзейнасці, што таксама я лічу пазітыўным. У людзей зяўляецца большы выбар, чым можна займацца і як гэтым займацца. Больш дэталізаваныя віды матэрыялаў, з чым цяпер можна працаваць. Гэта таксама плюс, бо бываюць нюансы.

На думку рамесніка і палітыка Вадзіма Саранчукова, гэты ўказ са сваім з’яўленнем спазніўся на некалькі гадоў:

Указ сапраўды запознены. Было б вельмі дарэчы, калі б ён выйшаў 4-5 гадоў таму. А так атрымліваецца, што ўсе добрыя пачынанні цягнуцца ў Беларусі са спазненнем на 5 гадоў. Казаць, што такімі тэмпамі Беларусь стане нейкай прарыўной краінай у эканоміцы, свабодзе прадпрымальніцтва, на жаль, не выпадае. Хацелася б, каб такія ініцыятывы былі больш аператыўнымі, хуткімі і своечасовымі.

РР: Што для вас, рамеснікаў, у гэтым указе ёсць новае, чаго не было раней?

Пералік відаў дзейнасці. Ён зараз пашыраны і спрошчаны.

Вялікім плюсам гэтага ўказа гарадзенскія рамеснікі лічаць таксама тое, што цяпер свае вырабы магчыма прадаваць і рэкламаваць праз Інтэрнэт, а таксама іх продаж дазволены ў майстэрнях, дзе і вырабляецца прадукцыя.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

* * *

Змены ў дзейнасці рамеснікаў, замацаваныя прэзідэнцкім указам №364 „Аб ажыццяўленні фізічнымі асобамі рамеснай дзейнасці”, набудуць моц з 12 студзеня.

Указ №364, які спрашчае дзейнасць рамеснікаў, Аляксандр Лукашэнка падпісаў яшчэ 9 кастрычніка 2017-га. У сілу палажэнні дакумента ўступаюць з 12 студзеня 2018 года.

У адпаведнасці з нормамі ўказа, пералік відаў рамеснай дзейнасці, якія можна будзе ажыццяўляць па заяўным прынцыпе без рэгістрацыі як ІП, стане максімальна пашыраны.

Напрыклад, у пералік увайшлі ўсе віды творчасці, якія ажыццяўляюцца ручной працай, у тым ліку выраб пражы, пляценне з бісера, стварэнне ўручную чахлоў для тэлефонаў і вясельных аксесуараў.

Таксама з 12 студзеня ўдакладнены месцы і спосабы продажу прадукцыі рамеснікаў. Акрамя рынкаў і кірмашоў рамеснікам можна будзе  прадаваць свае творы ў майстэрнях або пасылаць на адрас пакупнікоў.

Цікава і іншае змяненне – з 12 студзеня рамеснікі змогуць рэкламаваць свае паслугі, у тым ліку – у інтэрнэце.

sputnik.by