Раннюю капусту і бульбу будуць пастаўляць столінскія фермеры



Беларускія фермеры будуць пастаўляць у крамы раннюю капусту і бульбу замест імпартнай. Пра гэта тэлеканалу “Беларусь 1” расказаў намеснік прэм’ер-міністра Леанід Заяц па выніках сустрэчы з фермерамі Столінскага раёна і прадстаўнікамі гандлёвых сетак.

Па словах чыноўніка, да гэтага раннюю капусту, бульбу, моркву і буракі ў Беларусь завозілі з-за мяжа, а цяпер у фермерскіх гаспадарак Столінскага раёна ёсць магчымасць замясціць гэты прадукт айчынным. Фермеры нібыта гатовыя рэалізаваць сёлета каля 20 тысяч тон агародніны. Цэны на беларускую прадукцыю будуць ніжэйшыя, чым на імпартную.

Намесніца міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі Ніна Емяльянава адзначыла, што раннюю капусту гаспадаркі гатовыя паставіць у чэрвені, маладую бульбу — у ліпені, піша nashaniva.com.

Ад спірту да шакаладу. Сем імпартазамяшчальных праектаў

“Белдзяржхарчпрам” рэалізуе сем праектаў па імпартазамяшчэнні. Пра гэта паведаміў віцэ-прэм’ер Леанід Заяц у Гомелі, дзе адкрылі лінію па вытворчасці плітачнага шакаладу на ААТ “Спартак”, якая павялічвае магутнасці кампаніі на 20%. Паводле чыноўніка, у прыватнасці, на прадпрыемстве “Камунарка” з’явіцца абсталяванне для перапрацоўкі какао-бабоў. “Будзем вырабляць гэты прадукт, які мы сёння імпартуем з іншых краін. Літаральна за 2023-2026 гады зробім навейшае сучаснае прадпрыемства, якое будзе забяспечваць кандытарскую галіну нашай дзяржавы і мець магчымасць экспартаваць на знешнія рынкі”, – сказаў чыноўнік, словы якога перадае БелТА.

Гаворачы пра імпартазамяшчэнне, Леанід Заяц узгадаў таксама маргарынавы завод у Менску, фабрыку “Слодыч” і спіртзаводы.

МНС дадуць амаль мільён на лодкі і дроны

Міністэрства фінансаў мае выдзеліць МНС у 2023 годзе 940 тысяч рублёў на набыццё новай тэхнікі. Гэта прадугледжана пастановай Саўміна ад 17 красавіка №261, апублікаванай на Нацыянальным прававым партале. Грошы возьмуць са сродкаў, прадугледжаных у дзяржаўным бюджэце на фінансаванне расходаў, звязаных са стыхійнымі бедствамі, аварыямі і катастрофамі. Купіць на гэтыя грошы маюць 32 лодкі, 28 матораў да іх, 24 прычэпы для перавозкі лодак і 23 беспілотныя лятальныя апараты.

50 прац Шагала прадалі за амаль шэсць мільёнаў даляраў

На арт-рынак вярнуўся Марк Шагал – аўкцыённы дом Christie’s прадаў паўсотні прац беларускага мастака амаль за шэсць мільёнаў даляраў. Парыжскі офіс Christie’s правёў анлайн-аўкцыён “Шагал і музычныя творы са спадчыны мастака”. На продаж выставілі 50 прац Шагала і ўсе іх прадалі. З малатка ў тым ліку сышоў “Скрыпач з зялёнай барадой на сінім фоне”. Пры ацэнцы ў 33-55 тысяч даляраў карціна знайшла пакупніка амаль за 200 тысяч даляраў. Але самым дарагім лотам стаў іншы – піша officelife.media.

У 1968 годзе Шагал наведаў дом амерыканскага інвестара Джона Неффа, які спадабаўся мастаку. Шагал заўважыў, што дом ідэальны, але ён зробіць мазаіку для сада. Праца над эскізам ішла ў французскай студыі. Мазаіка была выканана з муранскага шкла, карарскага мармуру і натуральных каляровых камянёў з Італіі, яе і ўстанаўліваў італьянскі мазаічыст Ліно Мілано. Адлюстраванне канчатковага макету гэтай мазаікі і прадалі на аўкцыёне за амаль 420 тысяч даляраў пры ацэнцы ў 160-280 тысяч.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота diz-cafe.com/sad-ogorod