Расатам пацвердзіў перанос пуску першай чаргі Беларускай АЭС
Расатам пацвердзіў перанос пуску першай чаргі Беларускай АЭС на 2019 год.
„Інфармацыя, агучаная беларускім бокам, адпавядае рэчаіснасці. Мы згодныя з ацэнкай беларускага заказчыка, які вызначыў 2019 год як найбольш рэальны тэрмін для пуску першага энергаблока Беларускай АЭС”, — паведаміла прэс-служба Расатама.
„Расатам разумее, што істотным фактарам для развіцця атамнай энергетыкі з’яўляецца грамадская прымальнасць збудавання першай у краіне АЭС. І, улічваючы партнёрскія адносіны, Расатам пагадзіўся з рашэннем беларускага боку аб замене корпуса рэактара першага энергаблока”, — адзначаецца ў рэлізе.
„Тэхнічных перашкод для выкарыстання корпуса рэактара па прызначэнні не існуе: корпус рэактара спраўны і прыдатны да эксплуатацыі, гэта зафіксавана вынікамі розных даследаванняў, — падкрэсліла прэс-служба Расатама. — У якасці дадатковай меры Расатам плануе правядзенне аналізу стану корпуса групай міжнародных экспертаў. Пасля пацвярджэння станоўчай ацэнкі будзе вызначаны яго далейшы лёс”.
Як падкрэслілі ў Расатаме, збудаванне другога энергаблока Беларускай АЭС ідзе строга па графіку, тэрмін яго пуску ранейшы — 2020 год.
16 лістапада намеснік прэм`ер-міністра Уладзімір Сямашка паведаміў, што першы блок АЭС будзе ўведзены у 2019 годзе, хоць раней гэта планавалася зрабіць да 2018 года. Перанос звязаны з заменай корпуса рэактара, які быў пашкоджаны ў выніку падзення ў ліпені гэтага года. Пра верагоднасць такога развіцця падзей раней казалі незалежныя эксперты.