Расейскае суднабудаванне ў сур’ёзным крызісе – у разы скарачае вытворчасць
Расейскія караблебудаўнікі змушаныя ў разы скарачаць вытворчасць, застаўшыся без замежных запчастак, паведамляе charter97.org.
Імпартазамясціць хаця б некаторыя з іх атрымаецца ў лепшым выпадку праз некалькі гадоў. І нават калі ў верфяў ёсць запасы неабходных кампанентаў, усталяваць іх без замежных адмыслоўцаў атрымліваецца далёка не заўсёды.
Аб’яднаная суднабудаўнічая карпарацыя (АСК) знаходзіцца пад санкцыямі з 2014 г., але менавіта пасля лютага 2022 г. яе праблемы з атрыманнем замежнай прадукцыі і сэрвісу „прынялі сістэмны характар”, кажа прадстаўнік кампаніі.
АСК будуе 59 грузавых караблёў. У 2020 годзе яна паставіла 17 судоў, у 2021 годзе – 16, але ў мінулым – усяго чатыры, таму што з Германіі перасталі прыходзіць вінтарулявыя калонкі.
У Расеі не існуе вытворчасці рухавікоў для буйнатанажных судоў, а запатрабаванне складае дзясяткі ў год, заявіла АСК. Іх распрацоўка можа каштаваць больш за 100 млрд руб. і заняць 10 гадоў.