Расейскаму лаўкостару „Пабеда” дазволілі лятаць у Беларусь



Расейскі лаўкостар „Пабеда” атрымаў акрэдытацыю на палёты па маршрутах Масква — Гомель і Санкт-Пецярбург — Менск, паведаміў БелаПАН дырэктар дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі Уладзімір Косцін.

„Далі акрэдытацыю ў снежні на лініі Масква — Гомель і Санкт-Пецярбург — Менск”, — сказаў Косцін.

Як часта „Пабеда” будзе лятаць у Беларусь, невядома. У лістападзе мінулага года расійскі нізкабюджэтны перавозчык атрымаў дазвол ад Федэральнага агенцтва паветранага транспарту (Расавіяцыя) на палёты па маршрутах Санкт-Пецярбург — Менск і Масква — Гомель да сямі разоў на тыдзень.

Раней „Пабеда” ўжо спрабавала выйсці на рынак авіяперавозак Беларусі, але сутыкнулася з цяжкасцямі. У кампаніі сцвярджалі, што ёй прапанавалі нявыгадныя тарыфы. У сваю чаргу беларускія авіяцыйныя ўлады казалі, што перавозчык не падаў усе неабходныя для акрэдытацыі дакументы. У выпадку прыходу ў Беларусь „Пабеда” хацела ўсталяваць тарыфы ў адным кірунку для аднаго дарослага пасажыра ў 999 расейскіх рублёў (17 долараў) з улікам усіх такс і збораў.

Кампанія „Пабеда” ўваходзіць у групу „Аэрафлот”. Яна базуецца ў аэрапорце Унукава і ажыццяўляе палёты па Расеі, у Казахстан, Арменію, Іспанію, Грузію, Германію, Італію і іншыя краіны.