Расейская нафта пачала паступаць на беларускія НПЗ



Закантрактаваная расейская нафта 6 красавіка пачала паступаць на беларускія НПЗ, паведамілі БелаПАН у прэс-службе канцэрна „Белнафтахім”.

„Расейская нафта згодна з аформленымі маршрутнымі даручэннямі пачала паступаць на беларускія НПЗ”, — сказаў прэс-сакратар канцэрна Аляксандр Цішчанка.

Як паведамлялася, у красавіку на беларускія НПЗ паступіць да 2 млн тон расейскай нафты. 2 красавіка беларускія НПЗ пачалі кантрактаваць аб’ёмы паставак нафты ад нафтавых кампаній на красавік. „Усяго згодна з камерцыйнымі прапановамі, якія паступаюць ад рэсурсатрымальнікаў, запланаваная пастаўка сыравіны ў аб’ёме да 2 млн тон”, — паведамілі раней БелаПАН у „Белнафтахіме”.

„Працэс кантрактацыі расейскай нафты працягваецца”, — паведаміў сёння Цішчанка.

Паводле звестак канцэрна, на момант пацвярджэння рэсурсаў у пастаўшчыкоў цэны на нафту гатунку Urals для Беларусі склаліся на ўзроўні 4 даляраў за бараль. Пытанні выплаты прэмій расейскім пастаўшчыкам будуць урэгуляваныя міжбюджэтнымі разлікамі.

Пастаўшчыкоў канцэрн не называе, але 2 красавіка пра аднаўленне паставак нафты ў Беларусь з прэміяй у 5 даляраў за тону паведаміла кампанія „Раснефць”.

З пачатку года расейскія кампаніі з „вялікай пяцёркі” („Раснефць”, „Лукойл”, „Газпром нефць”, „Сургутнефцегаз”, „Татнефць”) адмаўляліся пастаўляць у Беларусь нафту без прэміі. У Менску ж настойваюць на яе адмене, паколькі расейская сыравіна і так падаражэла з-за падатковага манеўру ў РФ.

Пасля трох месяцаў перамоў бакам удалося прыйсці да пагаднення. Як паведаміў 24 сакавіка прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас, з красавіка ўсе расейскія кампаніі атрымалі магчымасць пастаўляць нафту ў Беларусь без прэміі. Паводле яго слоў, пастаўшчыкі пагадзіліся знізіць памер прэміі з 11,7 да 4,7 даляра за тону, але гэтыя 4,7 даляра „расейскі ўрад возьме на сябе”.

2 красавіка Румас паведаміў, што ў красавіку Беларусь разлічвае атрымаць з Расеі 2 млн тон нафты па цане 4 даляры за бараль. „Цвёрдая і паслядоўная ўстаноўка кіраўніка дзяржавы аб куплі расейскай нафты без прэміі ў цане вытрымліваецца ўрадам. Вынікам гэтай пазіцыі з’яўляецца цана, па якой мы будзем купляць нафту ў красавіку з Расейскай Федэрацыі, — каля 4 даляраў за бараль”, — сказаў прэм’ер-міністр.

belapan.by