«Транснафта» не пагадзілася з павелічэннем тарыфаў прапампоўкі нафты Беларуссю



Расейская кампанія „Транснафта” не пагадзілася з прапановай „Гомельтранснафта Дружбы” на павышэнне тарыфаў на прапампоўванне нафты па тэрыторыі Беларусі на 84% з 1 ліпеня. Адпаведны адказ на запыт беларускага боку адпраўлены расейскім аператарам „Дружбы”, паведамляе ТАСС.

„Транснафта” аргументуе адмову тым, што ў матэрыялах, прадстаўленых „Гомельтранснафта Дружбай”, адсутнічае фінансавая і бухгалтарская справаздачнасць за I квартал 2023 года, якая пацвярджае ўзнікненне страт па транзіце нафты расейскага паходжання. Павышэнне тарыфаў павінна было стаць няпланавым. „Транснафта” дапускала яго, калі беларускі партнёр дасць справаздачнасць, якая пацвярджае істотны ўплыў існуючых умоў на яго працу.

Пра прапанову беларускага боку стала вядома ў канцы траўня. У лісце, накіраваным „Транснафце” беларускай кампаніяй, адзначалася, што павышэнне тарыфаў дазволіць забяспечыць бясстратную працу кампаніі ў 2023 годзе.

У студзені гэтага года Беларусь ужо павысіла тарыфы на прапампоўванне нафты на 9%. Яны набылі моц з 1 лютага. Пазней, у сакавіку, былі павялічаныя тарыфы на прапампоўку, намінаваныя ў беларускіх рублях.