Расейскі „Ашчадбанк” дабудуе разам з аўстрыйцамі будынкі каля цырка ў Менску



Група расейскага „Ашчадбанка” даверыла аўстрыйскай кампаніі Alpine дабудаваць каля менскага цырка комплекс будынкаў, больш вядомы як экс-„Кемпінскі”. Аб’ект узвядуць па сучасных тэхналогіях да канца 2020 года, паведаміла прэс-служба банка.

Аўстрыйская кампанія абраная падрадчыкам комплексу. Ёй трэба будзе рэалізаваць абраную канцэпцыю і давесці праект да здачы ў эксплуатацыю.

Кампанія Alpine заснавана ў 1965 годзе і спецыялізуецца на ўзвядзенні жылых, грамадскіх і прамысловых аб’ектаў і камунікацый. Сярод знакавых аб’ектаў — „Аліянц Арэна” у Мюнхене, дзе гуляе вядучы нямецкі футбольны клуб „Баварыя”, і Бакінская крыштальная зала. Шмат праектаў аўстрыйскі падрадчык цяпер рэалізуе ў Расеі.

Раней Група „Ашчадбанка” набыла долі ў статутным фондзе ў кампаніі „Эліт Эстэйт”, якая выступала заказчыкам будаўніцтва. Новы ўладальнік пагасіў даўгі на 50 млн долараў, якія назапасіліся перад „БПС-Ашчадбанкам”, „Белінвестбанкам” і „Банкам ВТБ” (Беларусь).

Аб’ём дадатковых інвестыцый ва ўзвядзенне комплексу будзе супастаўны з выдаткамі на пагашэнне праблемнай запазычанасці. Новы ўладальнік плануе стварыць адзін з лепшых аб’ектаў на рынку камерцыйнай нерухомасці, выкарыстоўваючы сучасныя прасторавыя рашэнні. На аб’екце ўжо вядуцца будаўнічыя работы.

ААТ „БПС-Ашчадбанк” уваходзіць у топ-3 найбуйнейшых банкаў Беларусі па памеры актываў. Чысты прыбытак банка па выніках трэцяга квартала 2017 года ў МСФС склаў 29,7 млн долараў. „БПС-Ашчадбанк” выступае адным з ключавых крэдытораў нацыянальнай эканомікі. Па памеры крэдытнага партфеля юрыдычных асоб займае чацвёртае месца ў банкаўскай сістэме краіны. Асноўным акцыянерам „БПС-Ашчадбанка” выступае ПАТ „Ашчадбанк” (98,43% акцый).

belapan.by