Расейскі бізнес просіць улады РФ вырашыць праблему на мяжы Беларусі і ЕЗ



Расейскі бізнес зведвае праблемы і страты з-за міграцыйнага крызісу ў Беларусі.

На мяжы Беларусі і Еўразвяза ўтварыліся аграмадныя чэргі з фур. Напрыклад, у пункце пропуску „Баброўнікі” на мяжы Беларусі і Польшчы чарга з фур ужо разраслася да 25 кіламетраў. Машыны вымушаныя стаяць у чарзе па 80 гадзін. З затрымкамі сутыкнуліся буйныя рытэйлеры ў Расеі, а пастаўшчыкі папярэджваюць пра рызыкі росту коштаў. Відавочнага лагістычнага рашэння ўдзельнікі рынку і эксперты не бачаць ды разлічваюць на палітычнае ўрэгуляванне пытання, піша расейскае выданне „Коммерсант”  

Паводле ацэнак спецыялістаў, суткі прастою абыходзяцца ў 500 еўра.

На альтэрнатыўных аб’язных маршрутах праз Латвію ці Літву таксама пачалі ўтварацца коркі, пры тым што ў нармальных умовах праезд па гэтых шляхах павялічвае выдаткі мінімум на € 300 на адну машыну. Выкарыстанне іншага транспарту спалучана з істотным павелічэннем кошту дастаўкі.

Расейскі Кансультатыўны савет па замежных інвестыцыях накіраваў ліст першаму віцэ-прэм’еру ўрада РФ Андрэю Белавусаву з просьбай дапамагчы ў вырашэнні праблем аўтаперавозак.

Дарэчы, праз беларускую мяжу ідзе каля 10% расейскага імпарту.

Паводле www.kommersant.ru