Расейскі лаўкостар „Пабеда” адмовіўся ад палётаў у Беларусь
Расейскі нізкабюджэтны перавозчык „Пабеда” (уваходзіць у групу „Аэрафлот”) адмовіўся ад допускаў па дзесяці міжнародных напрамках, у тым ліку ў Беларусі. Гэта вынікае з загаду, размешчанага на сайце Федэральнага агенцтва паветранага транспарту (Расавіяцыя).
У адпаведнасці з гэтым дакументам Расавіяцыя адклікала ў кампаніі допускі з Масквы ў Менск (14 разоў на тыдзень), Гомель (7 разоў на тыдзень), Кіеў (28 разоў на тыдзень), Адэсу (10 разоў на тыдзень) і шэраг іншых гарадоў.
Сёлета ў лютым расейскія СМІ апублікавалі матэрыялы пра цяжкасці, з якімі сутыкаецца авіякампанія „Пабеда” пры выхадзе на рынак авіяперавозак Беларусі. Сцвярджалася, у прыватнасці, што адбываюцца затрымкі ў працэсе акрэдытацыі з-за нежадання авіякампаніі „Белавія” ўзгадніць тарыфы па гэтым маршруце.
Так, у пачатку лютага газета „Ведомости” паведаміла, што гендырэктар расійскай авіякампаніі „Пабеда” Андрэй Калмыкоў папрасіў Міністэрства транспарту РФ „паспрыяць ва ўрэгуляванні тарыфных спрэчак з беларускай авіякампаніяй „Белавія”. Для палётаў у Беларусь трэба атрымаць акрэдытацыю дэпартамента па авіяцыі, адна з умоў акрэдытацыі — узгадненне тарыфаў з прызначаным з боку Беларусі перавозчыкам („Белавія”), зазначаў Калмыкоў. Паводле яго слоў, у пачатку снежня 2015 года „Пабеда” падала запланаваныя тарыфы „Белавія”, якія прыкладна на 30% ніжэйшыя, чым у іншых авіякампаній”, але тая адмовілася іх узгадніць, палічыўшы, што яны могуць прывесці да зніжэння тарыфаў на напрамку Масква — Менск і дэстабілізаваць наяўную канкурэнтную сітуацыю.
У Міністэрстве транспарту і камунікацый Беларусі тады абверглі інфармацыю аб тым, што беларускі бок адмовіў расійскаму лаўкостару ў палётах. „Авіякампанія „Пабеда” прайшла ўзгадненне з дэпартаментам па авіяцыі ва ўстаноўленым парадку, дакументы яны атрымалі. Працягваюцца перамовы на ўзроўні ўзгаднення тарыфаў. Перамовы вядуцца ў рабочым парадку. Існуюць агульныя правілы: калі вы хочаце атрымаць акрэдытацыю, вы павінны падаць пакет дакументаў”, — заявіла ў пачатку лютага прэс-сакратар Мінтранса Кацярына Грыб. Такімі публікацыямі „Пабеда” „падаграе штучную цікавасць”, дадала яна.