Расейскі „Навікомбанк” выдзеліў БМЗ два крэдыты
Расейскі „Навікомбанк” выдзеліў Беларускаму металургічнаму заводу (БМЗ) два крэдыты — у памеры 8 млн даляраў і 5 млн еўра. Сродкі выдзелены на мэты папаўнення абаротных сродкаў кампаніі, а таксама на ажыццяўленне вытворчай дзейнасці завода, у прыватнасці па закупцы сыравіны, паведамілі ў прэс-службе банка.
Супрацоўніцтва гэтага расійскага банка з групай кампаній БМЗ працягваецца з 2012 года. За гэты перыяд „Навікомбанк” неаднаразова забяспечваў завод і яго даччыныя структуры фінансаваннем у самых розных фарматах, выдаючы крэдыты і акрэдытывы. „Беларускі металургічны завод — гэта ўнікальнае прадпрыемства з больш чым 30-гадовай гісторыяй, чыя прадукцыя запатрабаваная ў 70 краінах свету. Дзякуючы фінансаванню „Навікомбанка” БМЗ працягне ўвасабляць у жыццё свае праекты, у тым ліку на нядаўна адкрытых рынках у Лацінскай Амерыцы і Афрыцы”, — адзначыла старшыня праўлення банка Алена Георгіева.
Сярод прыярытэтных кірункаў крэдытавання „Навікомбанка” — фінансаванне кантрактаў, звязаных з выпускам найноўшай канкурэнтаздольнай прадукцыі, а таксама інвестыцыйныя праекты па тэхналагічным перааснашчэнні і пашырэнні вытворчай базы прамысловых прадпрыемстваў. Па выніках 2018 года рост карпаратыўнага крэдытнага партфеля банка склаў 38%.
ААТ „Беларускі металургічны завод” — найбуйнейшае ў Еўропе прадпрыемства чорнай металургіі, размешчана ў Жлобіне (Гомельская вобласць). Колькасць персаналу складае больш за 11 тыс. чалавек. З’яўляецца кіруючай кампаніяй холдынгу „Беларуская металургічная кампанія”. Экспарт перавышае 85% аб’ёму вытворчасці. Доля завода ў валютнай выручцы, якая паступае ў краіну з-за мяжы, складае каля 15%.