Расейскі рубель замаруджвае рост беларускай эканомікі



Аслабленне расейскага рубля з’яўляецца асноўнай прычынай замаруджвання тэмпаў росту беларускай эканомікі ў другім паўгоддзі 2018 года, заявіў прэм’ер-міністр Сяргей Румас 6 верасня падчас свайго першага на новай пасадзе даклада Аляксандру Лукашэнку.

„Вядома, мы як экспартна арыентаваная краіна не можам не залежаць ад знешніх фактараў. І аслабленне расійскага рубля, якое адбываецца на працягу некалькіх месяцаў, вядома, адбіваецца на аб’ёме валютнай выручкі, якую атрымліваюць нашы прадпрыемствы. Напэўна, гэта з’яўляецца асноўнай прычынай замаруджвання тэмпаў росту эканомікі ў другім паўгоддзі. Але гэта не адзіны фактар. У нас ёсць шмат унутраных рэзерваў, якія мы павінны падцягнуць для таго, каб эканоміка працавала эфектыўна”, — заявіў Румас у эфіры навін тэлеканала „Беларусь 1„.

Румас паведаміў, што ў панядзелак, 3 верасня, у яго адбылася размова з прэм’ер-міністрам Расеі Дзмітрыем Мядзведзевым. Як даручылі кіраўнікі дзяржаў Беларусі і Расіі, адзначыў ён, урады дзвюх краін рыхтуюцца да сустрэчы 21 верасня. „У нас вельмі шырокі парадак дня тых пытанняў, якія б мы хацелі абмеркаваць і, галоўнае, паставіць кропку, а не шматкроп’е ў гэтых пытаннях”, — адзначыў прэм’ер-міністр.

„Мы дамовіліся з Дзмітрыем Анатольевічам, што віцэ-прэм’еры па напрамках прапрацуюць гэтыя пытанні для таго, каб нейкія дробныя і зразумелыя для абодвух бакоў пытанні не выносіць на суд прэзідэнтаў як нявырашаныя, а адразу па іх прыняць рашэнні”, — заявіў Румас.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін падчас тэлефоннай размовы, якая адбылася 30 жніўня, папярэдне дамовіліся пра сустрэчу 21 верасня ў пашыраным складзе з удзелам членаў урадаў. Плануецца, што ў маючых адбыцца перамовах возьмуць удзел прэм’ер-міністры дзвюх краін, віцэ-прэм’еры, якія адказваюць за нафтагазавы комплекс і сельскую гаспадарку, міністры фінансаў.

Сяргей Румас узначаліў беларускі ўрад 18 жніўня.

belapan.by