Расейскія аналітыкі ацанілі страты Беларусі з-за падатковага манеўру – 8 млрд даляраў



Страты Беларусі, выкліканыя падатковым манеўрам ў нафтавай галіне Расеі, могуць скласці прыблізна 8 мільярдаў даляраў. Такая ацэнка прыводзіцца ў даследаванні расейскай кансалтынгавай кампаніі Vygon Consalting, прысвечаным завяршэнню падатковага манеўру.

Падатковы манеўр прадугледжвае, што ў 2019—2024 гадах вывазная пошліна на нафту ў Расеі, якую не выплачвае Беларусь пры імпарце вуглевадароднай сыравіны, знізіцца з 30 да 0%. Адначасова з гэтым будзе павышацца падатак на здабычу карысных выкапняў пры здабычы нафты на велічыню зніжэння экспартных пошлін, што можа прывесці да павелічэння уваходнага кошту нафты для Беларусі.

„Страты краін ЕАЭС у параўнанні з дзейнай падатковай сістэмай за 6 гадоў манеўру пры ўмове адсутнасці кампенсацыйных выплат складуць 626 рублёў, а ў год яго завяршэння — 174 млрд расейскіх рублёў. Галоўным чынам страты звязаныя з падаражаннем паставак нафты на НПЗ Беларусі, якія складуць 87% ад агульнай сумы”, — гаворыцца ў даследаванні Vygon Consalting.

Такім чынам, расейскія аналітыкі прыйшлі да высновы, што за шэсць гадоў рэалізацыі падатковага манеўру дадатковыя выдаткі Беларусі, звязаныя шмат у чым з павышэннем кошту расейскай нафты, складуць 544,6 млрд расейскіх рублёў, што ў эквіваленце прыкладна 8 млрд даляраў.

Раней прадстаўнікі канцэрна „Белнафтахім” заявілі, што з-за падатковага манеўру нафта можа падаражэць для Беларусі з наступнага года больш як на 20 даляраў за тону. У 2019 годзе беларускія НПЗ плануюць імпартаваць больш за 18 млн тон нафты. Адпаведна, кошт вуглевадароднай сыравіны можа вырасці больш як на 360 млн даляраў.

Варта адзначыць, што ў сувязі з рэалізацыяй падатковага манеўру беларускі Мінфін раней спрагназаваў магчымыя страты бюджэту на 2019 год.

Паводле звестак БелаПАН, Мінфін ацэньвае страты бюджэту з-за зніжэння паступленняў ад вывазных мытных пошлін на нафту і нафтапрадукты ў 231,6 млн даляраў ЗША ў 2019 годзе. Акрамя гэтага, з мэтай недапушчэння росту цэн на паліва на ўнутраным рынку ў праекце бюджэту на 2019 год прадугледжанае зніжэнне акцызаў на аўтамабільнае паліва на 25%. Страты бюджэту ў сувязі з гэтым складуць 170,7 млн рублёў. Такім чынам, у наступным годзе выпадзенне прыбыткаў беларускага бюджэту з-за наступстваў падатковага манеўру могуць скласці больш за 300 млн даляраў.

Мінфін лічыць, што страты беларускага бюджэту ў 2024 годзе (год завяршэння падатковага манеўру) могуць дасягнуць у гадавым вымярэнні 4,3 млрд беларускіх рублёў (эквівалентнае 3,8% ВУП Беларусі).

У трэцім квартале 2018 года Менск і Масква пачалі перамовы аб кампенсацыі Беларусі страт, звязаных з падатковым манеўрам ў Расеі. На гэтым тыдні, 28 лістапада, беларуская дэлегацыя на чале з віцэ-прэм’ерам Ігарам Ляшэнкам удзельнічала ў Маскве ў чарговых перамовах па нафтавых пытаннях.

belapan.by