Эксперт: Расейскія грошы не выратуюць беларускую эканоміку
Сума да 2 млрд даляраў, якую афіцыйны Менск хоча атрымаць ад Расеі, не кампенсуе страты ад санкцый і выглядае як падачка, заявіў у каментары BPN старшы навуковы супрацоўнік даследчага цэнтра BEROC Леў Львоўскі.
Раней меркавалася, што адпаведныя дакументы будуць падпісаны на пачатку верасня. Цяпер ні пацвярджэння, ні абвяржэння гэтага з боку Расеі не было. Аднак, верагодна, грошы ўсё ж такі выдзеляць, мяркуе эканаміст.
Тым не менш названай сумы, на думку Львоўскага, недастаткова для пакрыцця выдаткаў, якія краіна панесла з-за статусу суагрэсара ў вайне супраць Украіны. Гэта „крыху аблегчыць агульную эканамічную сітуацыю”, але „не кампенсуе страты ад уведзеных санкцый”, – дадаў ён.