Расейскія мытнікі працягваюць кантроль мяжы з Беларуссю
Пытанне паставак беларускіх прадуктаў харчавання ў Расею па-ранейшаму не вырашана. На межах Расеі з Беларуссю і Казахстанам па-ранейшаму дзейнічае мытны кантроль, які, паводле расейскага боку, павінен спыніць кантрабанду забароненай еўрапейскай прадукцыі з Беларусі ў Расею. Канфлікт між Масквой і Менскам мае працяглы характар і па іншых прычынах, мяркуе міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі.
– Лукашэнка не выконвае абяцанні. Нагадаю аб чым Мядзьведзеў гаварыў, менавіта пра беларускія прадпрыемствы, якія вельмі цікавіць Крэмль. Лукашэнка зноў цягне з іх продажам. Гэта з аднаго боку. А з другога боку, зноў ідзе гандаль, каб атрымаць ад Расеі буйныя крэдыты.
Паводле Рамана Якаўлеўскага, крызіс расейскай эканомікі прыводзіць да таго, што Крэмль будзе менш падатны на саступкі ў бок Менску. Акрамя праблемаў рээкспарту еўрапейскіх прадуктаў харчавання, Рассельгаснагляд мае таксама прэтэнзіі і да якасці беларускай мясной прадукцыі з 19 прадпрыемстваў.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя