„Расейцы” набылі недабудаваны „Кемпінскі”



 Кампанія „Ашчадбанк Капітал” (уваходзіць у расейскую групу „Ашчадбанк”) на днях закрыла здзелку па куплі кампаніі „Эліт Эстэйт”, якая з’яўляецца заказчыкам будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу з элітным гатэлем ў цэнтры Менска. 

Гэтую інфармацыю пацвердзілі БелаПАН інфармаваныя крыніцы.

„Асноўныя дакументы па гэтай здзелцы былі падпісаныя 29—30 чэрвеня, а апошнія фармальнасці былі завершаны 4—5 ліпеня”, — растлумачыў суразмоўца, знаёмы з умовамі заключанай здзелкі.

Пытанне пра аднаўленне будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу плануецца вырашаць найбліжэйшым часам.

„Раз будынак закансерваваны, неабходна будзе правесці яго аўдыт, арганізаваць тэндары, каб ажыццявіць патрэбныя закупкі матэрыялаў і аднавіць будаўніцтва як мага хутчэй — магчыма, да канца лета”, — растлумачыў суразмоўца ў фінансавых колах.

Паводле інфармацыі БелаПАН, для таго каб стаць уласнікам шматфункцыянальнага комплексу, „Ашчадбанк” пагасіў праблемную запазычанасць у 50 млн даляраў перад камерцыйнымі банкамі, якія раней фінансавалі будаўніцтва элітнага гатэля.

Першапачаткова чакалася, што гасцініца (спачатку паведамлялася, што яна будзе належаць сетцы гатэляў „Кемпінскі”) будзе ўведзеная ў эксплуатацыю да чэмпіянату свету па хакеі ў траўні 2014 года. Тэрмін заканчэння работ — 31 снежня 2013 года — быў перанесены на 1 траўня 2014 года, а затым на 31 снежня 2015 года. Заказчыкам будаўніцтва выступала СТАА „Эліт Эстэйт” (заснавальнікі — беларускі „Трайпл” і маскоўская фірма „Сіці Эстэйт”). Для будаўніцтва гасцініцы быў знесены помнік архітэктуры — першая менская электрастанцыя, пабудаваная ў ХІХ стагоддзі.

Аднак будоўля была замарожаная, а затым і зусім спынілася.

У жніўні 2015 года Аляксандр Лукашэнка заявіў журналістам, што мае намер „самым жорсткім чынам падагнаць” завяршэнне будаўніцтва комплексу, які пачынаў будавацца як гасцініца. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што будаўніцтва аб’екта для яго было „балючым пытаннем”. У ліпені 2016 года Лукашэнка сваім указам распарадзіўся завяршыць будаўніцтва да канца 2018 года.

Пытанне аднаўлення будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу каля Белдзяржцырка абмяркоўвалася 12 студзеня 2017 года ў час сустрэчы старшыні праўлення расейскага „Ашчадбанка” Германа Грэфа з Аляксандрам Лукашэнкам.

Па выніках перамоў Грэф паведаміў журналістам, што „Ашчадбанк” укладзе ў Беларусі больш за 100 млн даляраў у аб’екты нерухомасці, у тым ліку плануе прафінансаваць недабудаваны комплекс каля Белдзяржцырка. Пры гэтым Грэф адзначыў, што банк плануе прадаць тыя аб’екты, будаўніцтва якіх будзе фінансаваць.

Падчас чарговай сустрэчы з Грэфам 13 чэрвеня ў Менску Лукашэнка прапанаваў „Ашчадбанку” пашыраць поле дзейнасці на беларускім рынку. Я гатовы да абмеркавання любых праблем, якія сёння ёсць у нашым супрацоўніцтве. Тым больш вы працуеце ў нас вельмі актыўна ў эканоміцы, „Ашчадбанк” Расеі — актыўны ўдзельнік нашага рынку. Думаю, што поле дзейнасці трэба пашыраць, і мы паволі будзем гэта рабіць”, — сказаў Лукашэнка.

„Ашчадбанк” — найбуйнейшы банк Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Геаграфія яго прысутнасці ахоплівае 22 краіны, а колькасць кліентаў за межамі Расеі дасягнула 10 млн. Доля міжнароднага бізнесу складае 14% сукупных актываў. У канцы 2009 года расейскі „Ашчадбанк” падпісаў з урадам Беларусі дагавор аб куплі „БПС-Банка” за 280,8 млн даляраў. У кастрычніку 2011-га банк перайменаваны ў ААТ „БПС-Ашчадбанк”. 98,4% акцый яго статутнага капіталу належаць расійскаму „Ашчадбанку”.