Расейцы, у якіх нібыта выявілі каронавірус, працягнулі працу на БелАЭС



Спецыялісты субпадрадных арганізацый расейскай дзяржаўнай карпарацыі „Расатам”, у якіх раней быў выяўлены каранавірус, здаровыя і пачалі працу на Беларускай АЭС. Пра гэта заявіў генеральны дырэктар дзяржкарпарацыі Аляксей Ліхачоў у відэазвароце, апублікаваным 21 красавіка на сайце „Расатама„.

„Была праблема, вы ведаеце пра гэта, на беларускай станцыі, дзе ў 15 расейцаў апынулася станоўчая рэакцыя на першы тэст. Яна ўдала вырашылася — два наступныя тэсты былі адмоўнымі. Людзі здаровыя, яны ўжо пачалі працаваць”, — сказаў ён.

Раніцай 8 красавіка стала вядома, што ў Астраўцы (Гарадзенская вобласць) з каронавіруснай інфекцыяй шпіталізаваныя 15 расейцаў, якія прыехалі для мантажу і пусканаладачных работ на АЭС.

У той жа дзень гэтую інфармацыю пацвердзіў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік. Ён адзначыў, што ўсе замежнікі, якія прыязджаюць для работ на станцыі, праходзяць лабараторнае тэставанне і, перш чым пачаць працу, знаходзяцца пад наглядам на каранціне. „Сапраўды, у групы будаўнікоў, якія знаходзіліся на каранціне, паўторнае лабараторнае тэставанне дало станоўчы вынік. На сённяшні момант яны ўсе шпіталізаваныя, праводзіцца паглыбленае іх абследаванне для таго, каб вызначыць, з чым мы маем справу: носьбіцтва або ранняя праява хваробы”, — сказаў міністр. Ён падкрэсліў, што гэтыя будаўнікі ў работах на АЭС не ўдзельнічалі.

Прэс-служба генеральнага праекціроўшчыка і падрадчыка будаўніцтва БелАЭС — Інжынірынгавага дывізіёна „Расатама” — 8 красавіка паведаміла, што сітуацыя з COVID-19 на будпляцоўцы АЭС пад Астраўцом „узятая пад строгі кантроль”. У кампаніі адзначылі, што 15 спецыялістаў трох субпадрадных арганізацый дзяржкарпарацыі былі шпіталізаваныя, а кола кантактных з імі асоб — ізаляванае і пратэставанае.

Таксама было падкрэслена, што „Расатам” робіць „усе неабходныя захады, каб мінімізаваць негатыўны ўплыў эпідэміялагічнага крызісу і забяспечыць выкананне абавязацельстваў перад заказчыкам у поўным аб’ёме і ў тэрміны, прадугледжаныя адпаведнымі кантрактамі”.

Беларуская АЭС узводзіцца паблізу Астраўца за кошт крэдыту Расеі па тыпавым расейскім праекце ВВЭР-1200. Паводле прагнозу Міністэрства энергетыкі, пасля выхаду на поўную магутнасць станцыя будзе выпрацоўваць больш за 19 млрд кВт·гадз электраэнергіі штогод.

11 красавіка міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч паведаміў, што пуск першага энергаблока БелАЭС намечаны на ліпень 2020 года, энергію ён пачне даваць у верасні-кастрычніку.

Другі энергаблок плануецца запусціць у 2021 годзе.

belapan.by