Расея абмяжоўвае імпарт гародніны і садавіны з Беларусі
«Рассельгаснагляд» праінфармаваў Мінсельгасхарч Беларусі аб тым, што з 20 кастрычніка ўводзяцца абмежаванні на імпарт расліннай прадукцыі з нашай краіны.
Гэтае рашэнне расейскага ведамства прагучала пасля серыі папярэджанняў аб рээкспарце праз Беларусь забароненага заходняга харчавання.
Эканамічны аглядальнік Аляксандр Сінкевіч бачыць дзве прычыны:
– Гэта выклікана перш за ўсё тым, што “патрыятычныя колы” у Расеі спрабуюць нарасціць у Расеі праграму імпартазамяшчэння ўласнымі сіламі. А другое імкненне – інфармацыйнае, каб паказаць перад Захадам, як яны стойка трымаюць санкцыйныя абавязкі і не дапускаюць заходнюю прадукацыю.
Раней у СМІ неаднаразова паведамлялася пра выпадкі ўвозу на тэрыторыю Расеі з тэрыторыі Беларусі падкаранціннай прадукцыі. За два апошнія месяцы было 82 выпадкі. з пачатку жніўня Расея забараніла ўвозіць на сваю тэрыторыю прадукты з краін Еўразвяза, ЗША, Канады, Нарвегіі і Аўстраліі. Забарона закранула ў тым ліку і садавіну з гароднінай.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя