Расея адхіліла просьбу Беларусі перагледзець умовы крэдыту на БелАЭС
Просьба Беларусі перагледзець умовы міжурадавага крэдыту на будаўніцтва БелАЭС — павялічыць тэрмін яго дзеяння і знізіць працэнтную стаўку — не можа быць выкананая, паведаміў журналістам 11 лютага намеснік міністра фінансаў РФ Сяргей Старчак.
„Беларускія калегі настойліва просяць нас перагледзець умовы дзейнага пагаднення, — цытуе расейскага чыноўніка РБК. — Кансультацыі такія ідуць у працоўным парадку, нічога асаблівага не адбываецца. Адначасова павялічыць перыяд выкарыстання сродкаў крэдыту і паменшыць працэнтную стаўку не адпавядае фінансавай тэорыі, таму трэба шукаць кампрамісы ў іншай плоскасці”.
„Ідуць кансультацыі па гэтым пытанні. Пытанне складанае. Яно звязанае з вырашэннем некалькіх узаемазвязаных пытанняў”, — прыводзіць словы Старчака РІА Новости.
Пагадненне паміж урадамі Беларусі і Расеі аб выдзяленні дзяржаўнага экспартнага крэдыту для будаўніцтва атамнай электрастанцыі на беларускай тэрыторыі было заключана 25 лістапада 2011 года і набыло моц 18 студзеня 2012 года.
Згодна з дакументам Расея выдае Беларусі дзяржаўны экспартны крэдыт у памеры да 10 млрд даляраў для фінансавання 90% кошту кожнай дамовы паміж расейскім генеральным падрадчыкам і беларускім заказчыкам — „Атамбудэкспартам” (структура расейскай дзяржкарпарацыі „Расатам”) і РУП „Беларуская атамная электрастанцыя”.
У адпаведнасці з пагадненнем беларускі бок можа выкарыстоўваць крэдыт у 2011—2020 гадах. Пагашэнне пачынаецца праз шэсць месяцаў з даты ўводу АЭС у эксплуатацыю, але не пазней за 1 красавіка 2021 года, і ажыццяўляецца 30 роўнымі долямі кожныя паўгода.
9 лютага першы віцэ-прэм`ер Беларусі Дзмітрый Крутой паведаміў журналістам, што ўрады Беларусі і РФ абмяркуюць умовы крэдыту, выдзеленага на будаўніцтва БелАЭС, „з улікам пэўнага зрушэння тэрмінаў” уводу станцыі ў эксплуатацыю. Паводле яго слоў, Беларусь просіць „адкласці час пачатку выплат па крэдыце”, а таксама „рассунуць тэрмін гэтага крэдыту і крыху знізіць працэнтную стаўку”, прывёўшы яе ў адпаведнасць „з тымі кантрактамі, якія існуюць у „Расатама” ў іншых краінах”.
Беларуская АЭС узводзіцца паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць) непадалёк ад мяжы з Літвой за кошт крэдыту Расеі па тыпавым расейскім праекце ВВЭР-1200. Паводле апошніх заяў чыноўнікаў, увод у эксплуатацыю першага энергаблока АЭС запланаваны на 2020 год, другога — на 2021 год. Мяркуецца, што станцыя будзе выпрацоўваць 18 млрд кВт·гадз электраэнергіі штогод.
belapan.by
Фота eurasia.expert