Расея адмовілася зніжаць тарыфы на транспартаванне газу



Адзіны для ЕАЭС тарыф на транспартаванне газу можа быць рэалізаваны толькі на адзіным рынку з адзіным бюджэтам, адзінай сістэмай падаткаабкладання, заявіў прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін 19 мая на пасяджэнні Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета, які прайшоў у фармаце відэаканферэнцыі.

Паводле слоў Пуціна, праект стратэгіі развіцця ЕАЭС да 2025 года практычна ўзгоднены, за выключэннем аднаго пункта, які тычыцца тарыфаў на транспартаванне газу. „Ёсць формула, якую падтрымліваюць тры краіны — Расея, Казахстан і Кіргізія. Яе сутнасць у тым, што падыходы да цэнаўтварэння на газ можна было б вызначыць пазней на перамовах па фармаванні агульнага рынку газу ЕАЭС. Гэтую формулу пакуль не прымаюць нашы армянскія і беларускія калегі, у іх свой пункт гледжання па гэтым пытанні. Калі б яны змаглі пагадзіцца з ёй, то іншых перашкод на шляху ўхвалы стратэгіі не засталося б наогул”, — цытуе Пуціна яго прэс-служба.

„Што да прапанаванага нашымі армянскімі і беларускімі сябрамі адзінага тарыфу на паслугі па транспартаванні і транзіце газу, то мы лічым, што адзіны тарыф можа быць рэалізаваны толькі на адзіным рынку з адзіным бюджэтам, адзінай сістэмай падаткаабкладання. Такі глыбокі ўзровень інтэграцыі ў ЕАЭС пакуль яшчэ не дасягнуты”, — адзначыў прэзідэнт Расіі. Згодна з яго словамі, пакуль цэны на газ павінны фармавацца на аснове рынкавай кан’юнктуры, улічваць выдаткі і інвестыцыі пастаўшчыкоў, а таксама забяспечваць абгрунтаваную норму прыбытку на ўкладзены ў здабычу капітал. Гэта звычайная сусветная практыка, падкрэсліў Пуцін.

На яго думку, калі пазіцыі Арменіі і Беларусі „застануцца без змен, то, напэўна, было б лагічна наогул выключыць пункт па газе з праекта стратэгіі, каб ухваліць яе сёння”.

Паводле слоў Пуціна, абмеркаванне падыходаў да цэнаўтварэння на газ можна будзе працягнуць па лініі экспертаў дзяржаў — членаў Еўразійскай эканамічнай камісіі.

Як паведамлялася, Аляксандр Лукашэнка, адкрываючы пасяджэнне 19 мая, заклікаў знайсці кансэнсус па „газавым пытанні”. „Неўрэгуляваным застаецца пытанне цэнаўтварэння на паслугі па транспартаванні газу на агульным рынку ЕАЭС. З канчатковым узаемапрымальным рашэннем мы не можам вызначыцца ўжо некалькі гадоў. Прытым што актуальнасць праблемы пастаянна ўзрастае. Сёння мы павінны знайсці патрэбны нам усім кансэнсус”, — падкрэсліў беларускі кіраўнік.

14 мая на рабочай сустрэчы з прэм’ер-міністрам Сяргеем Румасам Лукашэнка абурыўся цэнамі на расійскі газ для Беларусі. „Учора я атрымаў інфармацыю, што Расія прадае прыродны газ у Еўропе ў гэты няпросты час да 70 долараў ЗША: 65—68, але ніяк не 127 долараў, як для Беларусі”, — сказаў ён. „Я гэтае пытанне завастраў на відэаканферэнцыі ў межах ЕАЭС, і найбліжэйшым часам у нас адбудзецца ў такім жа фармаце канферэнцыя. Хацелася б ведаць, што да цяперашняга часу зробленае па зніжэнні цаны на прыродны газ для Беларусі, — дадаў Лукашэнка. — Гэта ж няслушна, я ўжо не кажу пра год 75-годдзя (Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне), што Германіі прадаюць прыродны газ да 70 долараў, як у мяне інфармацыя (там па-рознаму было), але ніяк не 127 долараў, як для Беларусі”.

belapan.by

Фота БелТА